Людзі і птушкі
Лепшы горад на зямлі ў кожнага свой, адзінанепаўторны! Менск – які ён?
Прагматыкаў і рэалістаў у любой кропцы свету перш за ўсё цікавяць лічбы, кошты, расцэнкі… Непрагматыкаў кошты рана ці позна прымусяць наблізіцца да рэальнасці, таму… Крышачку пра грошы. Кошты. Лічбы.
Самымі дарагімі гарадамі свету ў першай палове 2014 года сталі швейцарскі Цюрых, нарвежскі Ставангер і – зноўку швейцарская! – цудоўная Жэнева: індэксы спажывецкіх коштаў там зашкальваюць за 150%. Беларускі Менск знаходзіцца на 342-м месцы сярод 446 гарадоў вышэйпазначанага рэйтынгу.
Індэкс спажывецкіх коштаў для Менска амаль у тры разы ніжэйшы, чымсьці ў самых дарагіх гарадах свету кшталту Нью-Ёрка. У Кіеве кошт жыцця трохі ніжэйшы, чым у Менску. Індэкс спажывецкіх цэн у ім склаў 47,89 у параўнанні з нашымі 51,81%. У Еўропе ў спісе самых дарагіх дамінуюць гарады Швейцарыі і Нарвегіі. Самы нізкі ўзровень жыцця адзначаны ў гарадах Індыі, а таксама Непала, Пакістана, Егіпта, Македоніі і Малдовы.
Між тым, менчукі скардзяцца зусім не на кошты, да якіх даўно звыклі, а … на варон. У сталіцы зафіксаваны адзінкавыя, але непрыемныя выпадкі нападзення нахабных птушак на гараджан. Апошнім часам у камітэт прыродных рэсурсаў было накіравана некалькі скаргаў на агрэсіўна настроеных варон. Рэч у тым, што гараджане пачынаюць “ратаваць” птушанят, што вываліся з гнёздаў, і ў выніку трапляюць пад “гарачую” дзюбу іх родзічаў. Арнітолагі рэкамендуюць людзям не ўлазіць у птушыныя справы… Займацца сваімі!
І насамрэч, лепш схадзіць у заапарк ды палюбавацца ў летніх вальерах на ара ды туканаў – новых сталічных жыхароў, занесеных у міжнародную Чырвоную кнігу. Людзей, што могуць канцэнтравацца на сваіх асабістых справах, таксама можна заносіць у нейкія адмысловыя – чырвоныя, зялёныя ці аранжавыя – кнігі. Нас цікавяць справы іншых у рэжыме онлайн.