Святочны вулічны фестываль «100 год БНР» рыхтуецца ў Берасці на Дзень Волі



Грамадзянская супольнасць Берасця рыхтуе масавую акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка.

Мітынг і вулічны фестываль у цэнтры Берасця з канцэртам, пляцоўкамі рамеснікаў, майстар-класамі і фотазонамі рыхтуе на 25 сакавіка грамадскасць Берасця. У арганізацыйны камітэт па яго правядзенні аб’ядналіся на сёння 16 суб’ектаў: структуры палітычных партый, грамадскія арганізацыі, валанцёрскія ініцыятывы і мясцовыя бізнесоўцы. Кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі ад імя аргкамітэта падаў сёння заяўку на правядзенне фестывалю ў Берасцейскі гарвыканкам.

Аргкамітэт плануе зрабіць мерапрыемства цікавай і запамінальнай падзеяй для берасцейцаў.

Круглая дата, 100 год з дня абвяшчэння незалежнасці Беларусі настройвае на святочны лад. І мы рыхтуем сапраўднае свята – канцэрт, розыгрышы прызоў ад нашых партнёраў, знаёмства з беларускімі рамеснікамі і грамадскімі арганізацыямі, мора пазітыву і святочнай сімволікі, — паведаміў старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі.

Як адзначыў адзін з сябраў аркамітэта, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Маслоўскі, свята дае шанец на аб’яднанне грамадства вакол найважнейшых нацыянальных каштоўнасцяў – свабоды і незалежнасці:

Мы запрашаем таксама прадстаўнікоў органаў улады далучыцца да арганізацыі фестываля, разам павіншаваць берасцейцаў з юбілеем падзеі, якая ўрэшце прывяла да стварэння дзяржавы, у якой мы жывем, адзначыў Ігар Маслоўскі.

Зараз арганізацыйны камітэт рыхтуе праграму мерапрыемства. Мы заклікаем усіх, хто лічыць гэты дзень святочным, далучацца да яго арганізацыі. Можна стаць валанцёрам і атрымаць досвед арганізацыйнай працы. Можна ахвяраваць невялікія сумы на выраб фестывальнай сімволікі. А калі вы ўладальнік беларускага бізнэса – можна прэзентаваць сваю фірму на адной з крэатыўных пляцовак фестываля. Усе арганізацыйныя дэталі ў бліжэйшыя дні мы будзем публікаваць у сацыяльных сетках з хэштэгам #БНР100, дадаў Дзмітрый Шыманскі.

Даведка:

25 сакавіка 1918г. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату, абвясціўшы Беларусь “незалежнай і вольнай дзяржавай”. Тым самым было пацверджана шматвекавое імкненне беларускага народа будаваць уласную дзяржаву. Нельга пераацаніць значэнне гэтай падзеі для фармавання беларускай дзяржаўнасці ў 20-м стагоддзі.

Сёлета мы адзначаем 100-годдзе гэтай падзеі, аддаючы даніну павагі людзям, дзякуючы руплівай працы якіх мы сёння маем гонар жыць у сваёй дзяржаве – Рэспубліцы Беларусь.

Прэсс-служба аргкамітэта