На сёмым этапе Кубка свету па біятлоне Беларусь прадставяць 9 спартсменаў



На сёмым этапе Кубка свету па біятлоне ў фінскім Контыялахты Беларусь прадставяць дзевяць спартсменаў.

5 сакавіка беларуская каманда адправілася да месца спаборніцтваў, дзе ўжо ў чацвер, 8 сакавіка, мужчынскай спрынтарскай гонкай на 10 км стартуе чарговы этап Кубка свету. Дар’я Домрачава, Ірына Крыўко і Дзінара Алімбекава вылецелі з Менска, Надзея Скардзіна і Надзея Пісарава прыедуць у Фінляндыю з Санкт-Пецярбурга. У склад мужчынскай каманды ўвайшлі Уладзімір Чапелін, Сяргей Бачарнікаў, Раман Ялётнаў і Антон Смольскі.

Пасля мужчынскага спрынту ў гонцы на 7,5 км 9 сакавіка выступяць жанчыны. Далей, 10 сакавіка, запланаваны змешаныя эстафеты ў супер-міксце і міксце. Завершыцца сёмы этап Кубка свету 11 сакавіка мас-стартам на 15 км у мужчын і 12,5 км у жанчын.

У агульным заліку Кубка свету сезона 2017/2018 лідзіруе фінская біятланістка Кайса Мякярайнен – 592 ачкі, Настасся Кузьміна са Славакіі займае другую пазіцыю – 577 балаў, італьянка Даратэя Вірэр размясцілася на трэцім радку – 525 ачкоў. Лепшай з беларусак у агульным заліку з’яўляецца Дар’я Домрачава (пятае месца) – 436 ачкоў, Ірына Крыўко займае 19-ю пазіцыю – 295 балаў, Надзея Скардзіна – 20-я (263), Надзея Пісарава ў агульным заліку 71-я (18), 73-е месца ў Дзінары Алімбекавай – 14 балаў, на 85-й пазіцыі знаходзіцца Дар’я Юркевіч – 5 балаў.

У мужчын наперадзе Мартэн Фуркад з Францыі – 834 ачкі. З беларусаў у топ-50 знаходзіцца Сяргей Бачарнікаў, які размясціўся на 49-м радку – 65 балаў, Уладзімір Чапелін – 62-і (34 балы), Раман Ялётнаў – 76-ы (15 ачкоў).

Пасля стартаў у Контыялахты ў бягучым сезоне пройдуць яшчэ два этапы Кубка свету: з 15 па 18 сакавіка ў нарвежскім Холменколене і 22-25 сакавіка ў расійскай Цюмені.

belta.by