Вера Лапко выйшла ў другі круг кваліфікацыі турніру ў Індыян-Уэлсе
У першым адборачным крузе тэніснага турніру ў Індыян-Уэлсе беларуска Вера Лапко была мацнейшая за ўкраінку Кацярыну Бандарэнка.
Матч прайшоў пры гульнявой перавазе Веры Лапко, якая ў першым сэце не ўступіла саперніцы ні аднаго гейма, а ў другім змагла ўзяць падачу саперніцы, завяршыўшы матч з лікам – 6:0, 6:3. У другім раўндзе кваліфікацыі Вера Лапко згуляе з Сафіяй Кенін з ЗША (105 рэйтынг ВТА).
У амерыканскім Індыян-Уэлсе выступяць яшчэ тры беларускія тэнісісткі, якія пачнуць барацьбу за тытул пераможцы з асноўнай сеткі турніру. Арына Сабаленка (63) будзе гуляць супраць Варвары Лепчанка (66) з ЗША. Вікторыя Азаранка (204), якая атрымала ад арганізатараў wild card, згуляе з брытанкай Хізер Уотсан (70). Аляксандра Сасновіч (49) сустрэнецца з полькай Магдай Лінет (61).
Прызавы фонд турніру ў Індыян-Уэлсе складае больш за $8 млн. У 2012 і 2016 гадах пераможцай тут станавілася Вікторыя Азаранка.