Украінскі футбаліст „Ягелоніі” атрымаў польскае грамадзянства
Гулец футбольнай каманды „Ягелонія” (Беласток) Тарас Раманчук атрымаў польскае грамадзянства. Раманчук паходзіць з Ковеля, што ва Украіне.
Ён кажа, што яго бабуля да Другой сусветнай вайны жыла ў Польшчы, але была вымушана пераехаць ва Украіну. Футбалістам цікавіцца трэнер зборнай Польшчы Адам Навалка.
Як кажа Тарас Раманчук, яму ўжо тэлефанаваў старшыня Польскага футбольнага звязу:
– Я размаўляў са старшынём Бонкем. Ён пытаў, ці гатовы я прадстаўляць Польшчу. Я сказаў, што так. Ведаю, якая гэта адказнасць.
Тарас Раманчук трапіў у польскую каманду „Легіановія” (Легіанова). Летам 2014 года ён стаў футбалістам каманды „Ягелонія” (Беласток). Каманда здабыла другое месца ў чэмпіянаце Польшчы ў мінулым сезоне. Тарас Раманчук згуляў у 115 матчах і забіў 16 галоў.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя