Беларусь можа размясціць аблігацыі на азіяцкім рынку



Беларусь у 2018 годзе можа размясціць на азіяцкім рынку аблігацыі, паведаміў журналістам 6 сакавіка пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды.

„Тэма размяшчэння еўрабондаў прапрацоўваецца вельмі актыўна. Міністэрства фінансаў праводзіць road show, беларускі бок ужо падпісаў пагадненне аб атрыманні кітайскага рэйтынгу, і ў гэтым годзе рэальна падысці да размяшчэння аблігацый”, — сказаў Руды, адказваючы на пытанні БелаПАН.

Аб’ём запазычанняў на азіяцкім рынку, удакладніў дыпламат, будзе залежаць ад патрэбы Міністэрства фінансаў у новых запазычаннях.

„Улічваючы, што ў беларускага боку адкрыта магчымасць размяшчэння аблігацый на кітайскім рынку, дапускаю, што гэта магло станоўча паўплываць на прывабнасць апошняга выпуску беларускіх еўрабондаў. Еўрапейскі і амерыканскі інвестары разумеюць, што, калі яны завысяць цану на паперы, Беларусь можа размясціць іх у Кітаі”, — адзначыў Кірыл Руды.

На яго думку, азіяцкія інвестары могуць быць зацікаўлены ў набыцці беларускіх аблігацый, размяшчэнне якіх цяпер абмяркоўваецца.

„Польшча паспяхова размясцілася некалькі гадоў таму на азіяцкім рынку. Варта адзначыць, што польскіх інвестараў цікавіць не сама краіна, а рэгіён, і яго яны ацэньваюць досыць станоўча. Макраэканамічныя паказчыкі Беларусі паляпшаюцца, і гэта таксама плюс для нашай краіны, калі мы вядзем гаворку аб размяшчэнні аблігацый на азіяцкім рынку”, — сказаў Руды.

Як паведамлялася, Беларусь у трэцяй дэкадзе лютага размясціла новы выпуск еўрааблігацый на 600 млн долараў на 12 гадоў з купоннай стаўкай 6,2% гадавых.

Паводле дадзеных Мінфіна, пікавы аб’ём заявак на набыццё еўрааблігацый новага выпуску больш чым ад 190 міжнародных інвестараў перавысіў 3 млрд долараў ЗША, фінальная кніга склала 2,4 млрд долараў ЗША.

52% новага выпуску набыта інвестарамі з ЗША, 30% — з Вялікабрытаніі, 17% — з кантынентальнай Еўропы, 1% — з Азіі. Банкамі-арганізатарамі і андэрайтарам эмісіі выступілі Citi і Raiffeisen Bank International AG.

Улетку 2017 года Беларусь размясціла два новыя выпускі еўрабондаў (на 800 і 600 млн долараў). Паводле дадзеных Мінфіна, даўгавыя паперы купілі амерыканскія і брытанскія інвестары.