Абвешчаны прыём заявак для ўдзелу ў праграме візітаў ЕЗ на 2019 год



Прадстаўніцтва Еўрапейскага звяза ў Беларусі аб’явіла аб пачатку чарговага прыёму заявак для ўдзелу ў праграме візітаў ЕЗ на 2019 год.

Як паведамляе сайт прадстаўніцтва, да ўдзелу ў праграме запрашаюцца „беларусы, чыя кар’ера звязаная з ЕЗ”.

Заяўкі могуць падаваць беларускія дзяржаўныя служачыя, журналісты, даследчыкі, прадстаўнікі некамерцыйных і няўрадавых арганізацый, якім ад 30 да 40 гадоў і якія маюць „абумоўлены кар’ерай інтарэс у тым, каб бліжэй пазнаёміцца з дзейнасцю інстытутаў ЕС”, адзначаецца ў паведамленні.

На думку еўрапейскіх арганізатараў, праграма візітаў будзе спрыяць „умацаванню сувязяў паміж Еўрапейскім звязам і краінамі ўсяго свету. Яна дае перспектыўным маладым спецыялістам магчымасць пазнаёміцца з інстытутамі, палітыкай, каштоўнасцямі і людзьмі ЕЗ”.

У якасці гасцей Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскага парламента ўдзельнікі праграмы ажыццяўляюць азнаямленчую паездку ў Брусель (у некаторых выпадках таксама ў Страсбург) працягласцю ад пяці да васьмі дзён. Праграма складаецца індывідуальна з улікам прафесійных інтарэсаў візіцёраў.

Заяўкі прымаюцца да 1 красавіка 2018 года. Вынікі адбору будуць абвешчаныя ў другой палове гэтага года. Затым кожны ўдзельнік зможа абраць дату сваёй азнаямляльнай паездкі са спіса прапанаваных дат.

Умовы ўдзелу і спіс неабходных дакументаў на сайце прадстаўніцтва ЕЗ.

belapan.com