Золатавалютныя рэзервы Беларусі павялічыліся на 10%



За люты міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі павялічыліся на 9,5% і склалі на 1 сакавіка 2018 года 7.093,4 млн долараў ЗША, паведамляе Нацыянальны банк.

Паводле дадзеных рэгулятара, у лютым золатавалютныя рэзервы выраслі на 616,1 млн долараў пасля іх зніжэння ў студзені 2018 года на 837,9 млн долараў.

„Павелічэнню міжнародных рэзервовых актываў у лютым спрыялі паступленне сродкаў ад продажу Міністэрствам фінансаў еўрааблігацый, паступленне сродкаў ад продажу на ўнутраным рынку Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце”, — адзначае Нацбанк.

Акрамя таго, росту рэзерваў спрыяла паступленне замежнай валюты ў бюджэт ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, а таксама купля замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку.

„Урадам і Нацыянальным банкам у лютым выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 470 млн долараў ЗША”, — удакладняе рэгулятар.

Там таксама адзначылі, што з улікам пагашэння ўрадам і Нацыянальным банкам унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце аб’ём золатавалютных рэзерваў павінен скласці не менш за 6 млрд долараў да канца года.

БелаПАН