Ці варта жыць у гета?



Зіма не самы просты час для вылазак, асабліва калі ты перамяшчаешся ў прасторы на інвалідным вазку, але жыццё нельга адкладаць да лепшых часоў – і працу, і адпачынак. Такім правілам, пэўна ж, скарысталася і “Міс свету на вазку” Аляксандра Чычыкава, калі вырашыла пайсці з двума сябрамі ў бар “Туманы” па вуліцы Зыбіцкай у Менску.

Ахова не захацела пускаць дзяўчыну… Маўляў, спадарыня, вам лепш будзе ў другім месцы патусавацца, а ў нас – падвал ды вузкая лесвіца. Мо і так, але ж дапамогі прыгажуня на вазку не прасіла: адзін сябра меўся несці на руках яе, а іншы – ейны вазок. Окей, вырашана з дапамогай менеджара, але ў рэшце рэшт сябра, што меў несці вазок, не пусцілі ў памяшканне. Гісторыя не новая. Што далей?

«Міс свету на вазку» звярнулася ў пракуратуру. Не жалілася – запытала пра законнасць дзеянняў аховы бара “Туманы”. Чычыкава адзначае ў гутарцы з “Радыё Свабода”: бачыла каментары пра тое, што ёй сапраўды было б некамфортна ў тым бары. Папросту кажучы, увогуле не варта дзяўчыне на інвалідным вазку хадзіць кудысьці па начах. Яно і насамрэч – такіх каментароў было даволі шмат. Нядобразычлівых.

Так, можна хадзіць або не хадзіць – і гэта асабісты выбар кожнага чалавека з інваліднасцю (або без яе). Тэма алкаголю няпростая ў спалучэнні з тэмай інваліднасці. Можна ўвогуле піць дома – распаўсюджаная практыка ў нашых шыротах. Халады, праблемы, дэпрэсія… Сядзі дома і “запівай” свае стрэсы. А тут чалавек выбіраецца на працу, вучобу, тусуецца з сябрамі і хоча адказваць за сябе сам… Ці мае ён на гэта права? Няправільная пастаноўка пытання. Ці мае хтосьці права вырашаць за іншых, што ім рабіць? Беларусь прыняла “Канвенцыю па правах людзей з інваліднасцю”. Штосьці гэта павінна азначаць, праўда?

Многія пытанні застануцца без адказу да гадзіны “Х” – да сустрэчы з рэальнасцю. Кожны з нас можа атрымаць траўму, але не кожны зможа жыць далей. Менавіта ЖЫЦЬ, а не існаваць у парніковых умовах гіперапекі сям’і і дзяржавы. Зрэшты, гэта ўжо іншая гісторыя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ