Суд па справе ўчастковага Кобрыньскага РАУС зацягваецца



Кобрыньскі суд па крымінальнай справе ўчастковага Кобрыньскага РАУС маёра Сяргея Куляшова зацягваецца.

На судовым пасяджэнні 19 снежня мінулага году суд прыняў хадайніцтва адваката Куляшова аб паўторнай судова-медычнай экспертызе ў Менску, пасля якой павінен быў вынесены прысуд.

Замест чаканага прысуду суддзя Пятро Цімашэнка агучыў пастанову аб неабходнасці далучыць да экспертызы ў Менску патрабуемых спецыялістаў, кажа суддзя Цімашэнка:

Прызначыць на гэтай справе паўторную камісійна-комплексную судова-медыцынскую экспертызу і ўключыць у склад экспертнай камісіі клінічнага спецыяліста ў галіне траўматалогіі.

Пацярпелы 59-гадовы Анатоль Глыцюк і прысутныя ў судзе лічаць, што суд зацягваецца наўмысна:

Зацягваюць чагосьці, у чым справа?

Гэта вядома, жудасць, каб міліцыя біла людзей ні за што, ні пра што. Гэта ў яго не першы выпадак, ён пастаянна такімі метадамі выхавання карыстаўся.

Руслан Гусейнаў, грамадскі актывіст і праваабаронца міжнароднага цэнтра грамадскіх ініцыятыў:

Калі гэтага супрацоўніка не прыцягнуць да адказнасці, гэта будзе паўсюдна і агульна і будуць парушацца працы кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Прысутны на судзе грамадскі актывіст Аляксандр Мех спадзяецца, што Сяргей Куляшоў будзе ўсё ж такі пакараны. Прысуд стане вядомы праз два тыдні.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя