Вольгу Класкоўскую экстрадыруюць у Беларусь



Міністэрства юстыцыі Швецыі дазволіла экстрадыцыю журналісткі Вольгі Класкоўскай у Беларусь. Як паведаміла яе маці Людміла Класкоўская, пра гэта Вольга паведаміла ёй у тэлефоннай размове з турмы строга рэжыму ў Йштад, дзе яна адбывае 7-гадовы тэрмін зняволення. Рашэнне аб далейшым лёсе Вольгі Класкоўскай мае прыняць Вярхоўны суд Беларусі.

– Мы накіравалі ў МЗС Швецыі зварот, каб яе вызвалілі і накіравалі ў Беларусь. Прайшло шмат часу, але ўсё ж такі прынята рашэнне аб экстрадыцыі Вольгі ў Рэспубліку Беларусь. Гэта значыць, што Вольга тут усё роўна будзе ў зняволенні, але ў яе ёсць шанец выйсці датэрмінова, а па-другое, пабачыцца з дачкой, з маці і далей змагацца за сына.

Людміла Класкоўская паведаміла, што яна звярталася ва ўсе шведскія інстанцыі, уключна з каралевай, аднак усе адкідалі яе просьбы аб вызваленні дачкі. Затое яна падкрэслівае, што ёй выдатна дапамаглі беларускія ўлады і верагодна ў суправаджэнні беларускіх службоўцаў Вольга прыбудзе ў Менск да Новага году. У Вярхоўным судзе Вользе абяцалі справядлівы і аб’ектыўны разгляд справы і магчымасць кантакту са сваякамі.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя