У Менску адбудзецца “Чароўны кірмаш Віславы Шымборскай”
У Менску трэці раз праходзіць мульціжанравы фэст “Месяц польскай літаратуры з кнігарняй “логвінаЎ”. У рамках фестывалю 18 лістапада ў кнігарні “логвінаЎ” адбудзецца вечарына “Кірмаш цудаў Віславы Шымборскай”, прысвечаная славутай польскай паэтцы.
Кажа арт-дырэктар кнігарні Павел Касцюкевіч:
– У нас будзе “Чароўны кірмаш Віславы Шымборскай”, гэта калі палітыкі, грамадскія дзеячы, людзі розных прафесій чытаюць па адным вершы Віславы Шымборскай на сваіх мовах і ў польскім арыгінале. Чытаць будуць: дыпламаты, баскетбалісты, хірургі, спевакі, музыкі і можа трошкі літаратары.
Арганізатарамі месяца польскай літаратуры выступілі Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Менску і Літаратурны Дом “Логвінаў”.
Наступная імпрэза ў рамках фестывалю адбудзецца 21-га лістапада. У сталічнай галерэі “Ў” адкрыецца выстава “Коткі ў польскім коміксе”.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя