Белстат: За год колькасць беларускіх жанчын скарацілася на 8 тысяч
На пачатак 2018 года колькасць жанчын у Беларусі склала 5 млн 70 тыс. чалавек, або 53,4% агульнай колькасці насельніцтва. Такія даныя прыводзіць Белстат у аглядзе, прысвечаным Міжнароднаму жаночаму дню, які адзначаецца 8 сакавіка.
Для параўнання: у 2011 годзе (на 1 студзеня) жанчын было 5 млн 73 тыс., у 2012-м — 5 млн 67 тыс., 2013-м — 5 млн 66 тыс., 2014-м — 5 млн 67 тыс., 2015-м — 5 млн 72 тыс., 2016-м — 5 млн 77 тыс., 2017-м — 5 млн 78 тыс. Такім чынам за апошні год колькасць жанчын скарацілася на 8 тыс.
У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу пражывае 79% жанчын, у сельскіх населеных пунктах — 21%.
Сярэдні ўзрост жанчын на пачатак 2017 года склаў 42,6 года. У гарадах жаночае насельніцтва значна больш маладое, чым у сельскай мясцовасці (сярэдні ўзрост гараджанкі — 41,2 года, селянкі — 47,8). У 2011 годзе сярэдні ўзрост складаў 42 гады (у гарадах — 40,3, у вёсцы — 47,1).
Калі мужчыны пераважаюць у прамысловасці, сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы, на транспарце, у будаўніцтве, то жанчыны — у ахове здароўя і сацыяльных паслугах (85,7% агульнай колькасці занятых у галіне), адукацыі (81,7%), фінансавай і страхавой дзейнасці (74,8%), гасцінічных паслугах і грамадскім харчаванні (73,5%), гандлі, творчасці, спорце, дзяржаўным кіраванні (70,1%), прафесійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасці (57,2%). Сярод жанчын, якія працуюць у арганізацыях, кожная трэцяя мела вышэйшую адукацыю, кожная чацвёртая — сярэднюю спецыяльную, 16,5% — прафесійна-тэхнічную.
У 2017 годзе шлюбам пабраліся 66,2 тыс. жанчын, з іх упершыню стварылі сем’і 46,1 тыс. жанчыны лічаць за лепшае ствараць сем’і ва ўзросце 20—24 гадоў (33,4% агульнай колькасці шлюбаў). Калі ў 2011 годзе сярэдні ўзрост жанчыны пры першым шлюбе складаў 24,5 года (паўторным — 37,1), то ў 2017 годзе — 25,8 (38). Каля 1 тыс. жанчын заключылі шлюб ва ўзросце старэй за 60 гадоў.
У 2017 годзе 40,2% жанчын упершыню сталі мамамі, 39,5% — паўторна, 14,4% — у трэці раз, 5,6% — у чацвёрты і больш.
Як адзначыў Белстат, на пачатак 2017 года 25,3% жанчын ва ўзросце 16 гадоў і старэй займаліся фізічнай культурай і спортам, пры гэтым кожная шостая з іх штодня пакідала час на спартыўныя заняткі, амаль 42% займаліся фізкультурай і спортам два-тры разы на тыдзень.
Паводле даных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, жанчыны таксама з’яўляюцца актыўнымі інтэрнэт-карыстальнікамі. Летась 73,3% жанчын ва ўзросце 16—72 гадоў карысталіся „сусветнай павуцінай”, пры гэтым амаль 74% з іх заходзілі ў інтэрнэт штодня. Самыя актыўныя інтэрнэт-карыстальнікі — жанчыны ва ўзросце 16—24 года. Сярод іх 95,2% наведвалі інтэрнэт штодня. БелаПАН