Латвійскі горад падорыць Полацку размаляваную карову
Камісія па развіцці горада ў Вентспілсе разгледзела пытанне, што падарыць аднаму з гарадоў-пабрацімаў - Полацку, паведамляе Ventasbalss.
З 2002 года ў Вентспілсе праходзіць парад кароў. Скульптуры ў натуральную велічыню распісваюць мастакі з розных краін і выстаўляюць па ўсім горадзе. Таму да полацкага юбілею ўлады вырашылі падарыць скульптуру каровы, якая ўжо стала неафіцыйным сімвалам Вентспілса.
Мясцовыя мастакі прапанавалі некалькі варыянтаў размалёўкі каровы, а перавагу аддалі жоўта-сіне-чырвонага варыянту з сілуэтамі порта. Да малюнка дададуць лагатып Вентспілса. А старшыня камісіі і кіраўнік гарадскога самакіравання Айвар Лемберг дапоўніў бы будучы падарунак пастаментам, на які варта ўсталяваць скульптуру каровы, і таблічкай з інфармацыяй пра тое, ад каго і каму прызначаны сувенір.