Шатляндыя і яе Закон аб мове



На нашай старонцы мы ўжо расказвалі пра гісторыю Шатляндыі, гістарычнае развіццё яе мовы і культуры. У чарговым матэрыяле пра моўнае заканадаўства гэтай надзвычай цікавай часткі сённяшняй Вялікабрытаніі.

Што зрабіла ўжо кіраўніцтва Шатляндыі каб вярнуць забытую мову? Што карыснае для Беларусі ў шатляндскім Законе аб мове?

У Шатляндыі распаўсюджана ангельская мова ці яе шатляндскі варыянт, скотс і шатляндская гэльская мова. Да 15 стагоддзя на гэльскай мове размаўляла большасць насельніцтва. Паступова арэал яе звузіўся. Скотс-германская мова, блізкая да ангельскай, якая замяніла гэльскую, але з 17 стагоддзя пасля вуніі з Англіяй скотс пачаў занепадаць, хоць і сёння менш 40% насельніцтва ў той ці іншай ступені валодае скотс, тэлерадыёперадач на скотс няма. Самая распаўсюджаная – ангельская (шатляндскі варянт). Нават у старажытным горадзе Ізрайля Яфа існуе з 1863 года (155 гадоў) шатляндская школа “Табіта”, дзе вучацца па-ангельску хрысціяне, мусульмане і габрэі.

Карта гэльскай мовы ў Шатляндыі

Кепская сітуацыя з гэльскай старажытнай мовай у самой Шатляндыі падштурхнула шатляндцаў зрабіць важныя крокі дзяржаўнай падтрымкі мовы. У 2005 годзе быў прыняты Закон аб мове. Дзякуючы Закону аб мове заснаваны Камітэт гэльскай мовы, які падтрымлівае афіцыйны і роўны з ангельскай статус мовы. Камітэтам пішацца план для гэльскай мовы, які павінен спрыяць выкарыстанню гэльскай мовы, адукацыі і культуры. Камітэт мае права накіраваць зварот дзяржаўным установам распрацаваць уласны план, якія дзеюць на міжнародным роўні. Камітэт мае права распрацаваць і перадаць ва ўрад інструкцыю па арганізацыі адукацыі на гэльскай мове. Асноўная інфармацыя па стварэнні і зацвярджэнні планаў утрымліваецца ў самім законе. Палажэнні закона канкрэтызуюцца ў інструкцыі, распрацаванай Камітэтам. Інструкцыя вызначае чатыры асноўныя сферы моўнага планавання:

  1. Засваенне. План павінен заахвочваць людзей да вывучэння мовы.
  2. Выкарыстанне. План заахвочвае выкарыстоўваць мову ў розных сферах дзейнасці, у тым ліку ў працоўнай.
  3. Статус. План пашырае візуальную і гукавую прадстаўленасць мовы, уздымае яе прэстыж і забяспечвае павагу для яе.
  4. Корпус. План спрыяе ўдасканаленню і ўзбагачэнню гэльскай мовы.

Камітэт гэльскай мовы заахвочвае арганізацыі ў актыўным падыходзе, каб яны самы паведамлялі насельніцтву пра магчымасць розных паслуг на гэльскай мове. У нас звычайна наадварот, амаль усе новыя ініцыятывы ідуць ад неабыякавых да беларускай мовы грамадзян…

Выконваючы планы камітэта гэльскай мовы арганізацыі пры наборы на працу будуць улічваць фактар валодання гэльскай мовай, ці не валодання. Валодаючыя гэльскай мовай будуць мець плюс. Гэта падвысіць ацэнку мовы і больш заахвоціць людзей да яе вывучэння. Камітэт сам вырашае, якім арганізацыям накіроўваецца патрабаванне. Выканаўчыя ўлады ўнеслі ў Закон аб нормах у шатляндскіх школах Палажэнне, якое прадугледжвае органам, адказным за адукацыю, прадстаўляць планы па арганізацыі навучання па-гэльску. 

Прыкладам, калі бацькі вырашылі стварыць гэламоўную школу для сваіх дзяцей, то Камітэт запатрабуе план ад арганізацыі, адказнай за мясцовае самакіраванне. І не трэба, як у Беларусі абіваць парогі ўстановаў бацькам, каб адкрыць беларускую групу ў садку, ці школе, бо не ўсе маюць актыўную жыццёвую пазіцыю і шмат часу на гэта. У выніку, соткі бацькоў у Беларусі не могуць вучыць дзяцей на роднай мове. І нават там, дзе па справаздачах аддзелаў адукацыі лічыцца група ці клас беларускамоўным, насамрэч ён можа быць такім толькі напалову…

І хоць гэльскай мовай валодае менш 2% насельніцтва Шатляндыі, сёння ўжо ёсць гэламоўныя садкі, школы, радыё, тэлебачанне.

Шатляндскія дзеці ў школьнай форме

Ключавой перадумовай і кампанентам стварэння плана з’яўляецца ўнутрыарганізацыйны моўны аўдыт. Вынікі аўдыту перадаюцца ў Камітэт разам з планам.

Камітэт гэльскай мовы рэкамендуе праводзіць аўдыт па наступных пунктах.

І. Моўны профіль арганізацыі:

  1. Колькасць супрацоўнікаў, якія валодаюць гэльскай мовай і ровень іх ведаў.
  2. Колькасць супрацоўнікаў, якія самастойна ці па заданні арганізацыі наведваюць моўныя курсы ці жадалі б іх наведваць.
  3. Пералік аддзелаў арганізацыі ці мясцовасцяў, дзе працуюць згаданыя вышэй супрацоўнікі.
  4. Колькасць пасад, для займання якіх веданне гэльскай мовы ёсць неабходным ці пажаданым.

ІІ. Паслугі ці ўнутры-арганізацыйныя працэсы, якія ўжо ажыццяўляюцца на гэльскай мове.

ІІІ. Спіс ўсіх гэламоўных ці двухмоўных матэрыялаў арганізацыі: публікацый, бланкаў, інтэрнэт-старонак і іншага.

  1. IV. Аўдыт наяўнага гэламоўнага афармлення звонку і ўнутры будынкаў арганізацыі.
  2. V. Ацэнка перакладчыцкіх магчымасцяў арганізацыі: ці ёсць там перакладчыкі, і якая ў іх адукацыя.

Закон патрабуе, каб арганізацыя пры падрыхтоўцы плана кансультавалася з асобамі, якія пададуцца ёй зацікаўленымі ў гэтым. Камітэт рэкамендуе арганізацыям праводзіць кансультацыі як з грамадскасцю, так і з сваімі супрацоўнікамі, падрыхтаваць двухмоўны электронны і друкаваны варыянты праекта плана, прадугледзець кансультатыўны перыяд ад 6 да 12 тыдняў, каб усе меркаванні маглі быць пачуты.

Змест плана арганізацыі

Інструкцыя для арганізацый падрабязна распісвае змест плана. Камітэт сярод іншых прапануе ўключаць наступныя пункты:

– Кароткі тэкст і/або карта на тэму гэльскай мовы ў Шатляндыі.

– Інфармацыя пра выкарыстанне гэльскай мовы ў сферы дзейнасці арганізацыі.

– Кароткі змест моўнага аўдыту.

– Хто і як будзе адказваць за стварэнне і выкананне плана ў арганізацыі, за маніторынг яго выканання і распаўсюд інфармацыі пра яго.

– Як гэльская мова будзе задзейнічана для дасягнення мэтаў дзейнасці арганізацыі.

– Як арганізацыя будзе спрыяць выкананню нацыянальнага плана для гэльскай мовы; нацыянальным прыярытэтам, вызначаным урадам Шатляндыі, а таксама мясцовым прыярытэтам.

– Абавязкі: чаго і ў які тэрмін арганізацыя плануе дасягнуць, а таксама хто будзе за гэта адказваць. Камітэт чакае, што абавязкі будуць узятыя ў наступных сферах.

– Прадстаўленасць гэльскай мовы ў знешнім афармленні, асабліва ў лагатыпе арганізацыі.

– Заснаванне, падтрыманне ці павышэнне роўню ведання мовы сярод супрацоўнікаў. Гэта можа быць, напрыклад, звязанае з выкананнем плана заснавання пасад, для якіх неабходна ці пажадана валоданне гэльскай мовай; моўныя курсы, заахвочванне да выкарыстання мовы на працоўным месцы.

– Выкарыстанне мовы ў камунікацыях і сувязях з грамадскасцю: як арганізацыя будзе забяспечваць прыём тэлефанаванняў і пошты на гэльскай, бланкі, арганізацыя сходаў гэламоўных супрацоўнікаў, выставы, узаемадзеянне з медыямі, выкарыстанне мовы ў друку і ў інтэрнэце. Для кожнага запланаванага віду дзейнасці прызначаецца тэрмін. Камітэт рэкамендуе, каб арганізацыя ад самага пачатку стварэння плана прызначыла для гэтага спецыяльнага супрацоўніка і працоўную групу. Камітэт таксама заахвочвае арганізацыі, якія рыхтуюць планы, да супрацы.

Здаецца, нічога складанага шатляндцамі не прыдумана, але важна тое, што дзяржава зацікаўлена ў папулярызацыі сваёй мовы, выпрацавала падрабязны алгарытм дзеянняў і дапамагае шатляндскім актывістам у яго рэалізацыі. Пра што яшчэ можна марыць сёння неабыякавым беларусам?

Напрыканцы артыкула запрашаю азнаёміцца праз ютуб з меладычным гучаннем гэльскай мовы ў прыгожых песнях і зрабіць віртуальнае падарожжа па краявідах Шатляндыі разам з цікавым этнагуртом Шатляндыі Capercaillie і чароўным голасам Karen Matheson, які адраджае душу зямлі гэлаў.

Capercaillie на канцэрце ў Германіі ў 2005 годзе (Нюрнберг)

Алесь Крой, Гародня, для Беларускага Радыё Рацыя