Ці падыме сілавік беларускі спорт на новыя вышыні?



Палітык і спартовы заўзятар Анатоль Лябедзька разважае пра тое, чаму ў Беларусі кіраваць спортам прызначаюць прадстаўнікоў сілавых структур.

Як вядома, днямі быў прызначаны новы міністр спорту Сяргей Кавальчук, які да гэтага працаваў у Службе бяспекі прэзідэнта. Анатоль Лябедзька іранізуе, што “пасля таго, як беларускі кіраўнік заявіў пра неабходнасць разборак з Міжнародным алімпійскім камітэтам, гэта самае правільнае прызначэнне”.

Анатоль Лябедзька: Зараз нам будуць патрэбны людзі, якія могуць пагрукаць чаравікам па трыбуне і “наехаць” на міжнародных спартыўных чыноўнікаў. Калі трымацца стратэгіі, якую агучыў Лукашэнка, і калі ён збіраецца ехаць і ладзіць разборкі, то людзі з накачанымі біцэпсамі з сілавых структур будуць на пасадзе міністра спорту на сваім месцы. Але спорту гэта не дапаможа.

РР: Вы не верыце, што былы сілавік зможа арганізаваць працу такім чынам, што беларускі спорт пачне рухацца наперад?

Анатоль Лябедзька: У нас зараз увогуле трэнд – на сілавікоў. І я ўсё чакаю, калі міністрам сельскай гаспадаркі стане які-небудзь чалавек у званні палкоўніка. Галоўнае ў такіх прызначэннях – не прафесійныя здольнасці, а тое, наколькі чалавек хутка прыстасоўваецца і выконвае любыя загады. Такі падыход прыводзіць да таго, што не толькі ў спорце, але і ў іншых галінах, на жаль, адбываецца кадравая дэпрафесіяналізацыя і дэградацыя.

Таму я і насамрэч не веру, што той жа Кавальчук нешта здолее радыкальна змяніць. Спорт сёння патрабуе іншых падыходаў. Наўпрост ён больш звязаны не столькі з палітыкай, колькі з эканомікай. Чаму сябе сёння добра пачувае спартыўная Нарвегія? Таму што ў гэтай краіне вельмі моцная эканоміка і сталая дэмакратыя. Вось гэта ў першую чаргу ўплывае, каб людзі мелі магчымасці развівацца ў розных сферах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя