Леанід Заіка: Мы маглі б выдаваць бензін задарма



Як і анансавалася, з сённяшняга дня аўтааматары будуць запраўляць свой транспарт па новых, павышаных, цэнах. Гэта вынікае з пастановы дзяржаўнага канцэрна „Белнафтахім”.

Як адзначаецца ў паведамленні прэс-службы арганізацыі, дадзенае рашэнне прынята ў мэтах „удасканалення механізму цэнаўтварэння на нафтапрадукты”.

Паведамляецца, што „Белнафтахім” узгадніў цэнавую палітыку з Саўмінам, выпрацаваўшы „механізм змены коштаў на аўтамабільнае паліва на ўнутраным рынку”.

Чарговае павышэнне коштаў на паліва каментуе эканаміст Леанід Заіка:

– Мы закупаем 22 мільёны тон нафты на бензін, а спажываем 7 мільёнаў тон. Мы можам проста за кошт розніцы паміж цэнамі на нафту, бензін, які прадаецца за межы СНД, мы маглі б выдаваць бензін нашым спажыўцам задарма. Нам патрэбна ўсяго 7 мільёнаў тон. Дзелавыя хлопцы на гэтым зарабляюць, а пасля будуюць нейкія вялікія крамы, сядзяць, грошы лічаць.

Уласнікам транспартных сродкаў прыйдзецца плаціць за бензін маркі АІ-92— 1 рубель 22 капейкі за літр; за бензін маркі АІ-95 1 рубель 30 капеек, АІ-98-ы каштуе рубель 51 капейку, дызельнае паліва 1 рубель 33 капейкі. Кошт бензіна падаражэў на 1 капейку, а саляркі — на 2 капейкі.

Гэта ўжо другое падвышэнне цэнаў на паліва з пачатку года. Першы рост адбыўся амаль месяц таму — восьмага лютага. Тады кошт паліва павялічыўся на 2 капейкі.

Беларускае Радыё Рацыя