Індыян-Уэлс: Сабаленка і Азаранка прайгралі



Беларуска Арына Сабаленка выбыла з адзіночнага разраду турніру катэгорыі «Прэм’ер» у амерыканскім Індыян-Уэлсе з прызавым фондам амаль 8 мільёнаў даляраў. У паядынку 3-га раўнда 19-гадовая Арына Сабаленка нечакана разгромна прайграла 18-гадовай чэшцы Маркеце Вондраўшавай — 2:6, 2:6.

Такая ж доля напаткала і іншую беларускую тэнісістку – Вікторыя Азаранка ў паядынку з амерыканкай Слоан Стывенс была непадобнай на саму сябе і прайграла. У першай партыі ў Азаранкі ўсё валілася з рук – 1:6. У другім сеце беларуска нібыта намацала сваю гульню, але ўсё ж здалася ў канцоўцы – 5:7.

У адзіночным разрадзе з беларусак засталася толькі Аляксандра Сасновіч, якую чакае выпрабаванне Каралін Вазняцкі.

У парным разрадзе Арына Сабаленка разам з Вікторыяй Азаранкай выйшлі ў 2-гі раўнд, дзе згуляюць супраць расейскай пары Кацярына Макарава /Алена Вясніна.

Беларускае Радыё Рацыя