Не толькі пра спорт



У першы ж дзень Паралімпійскіх гульняў беларускія спартоўцы атрымалі два срэбраныя і два бронзавыя медалі – і гэта здорава, але жыццё часта паказвае адваротны бок медаля.

Людзі з інваліднасцю патрэбныя нашай дзяржаве ў тым выпадку, калі яны героі. Не кожны чалавек можа стаць героем. І не павінен ім быць. Кожны чалавек заслугоўвае ўвагі і павагі без “зніжак” на інваліднасць або здароўе. Так проста і так складана насамрэч.

Мы ганарымся нашымі паралімпійцамі, але саромеемся людзей з інваліднасцю ў іншых месцах. На подыуме, напрыклад. Непрыгожая гісторыя адбылася ў Гародні, і звязаная яна якраз з індустрыяй прыгажосці. Там прайшоў чарговы модны паказ Grodno Fashion Show. Упершыню ў ім бралі ўдзел людзі з інваліднасцю.

Дзясяць мадэляў ад 16 да 70 гадоў з «асаблівымі» целамі разам з валанцёрамі дзіцячага хоспіса такі прынялі ўдзел у пафасным мерапрыемстве. Адзенне для людзей з асаблівасцямі пабудовы цела — навіна для Беларусі і зусім не навіна для Еўропы. Лінію адаптыўнага адзення “Святаяннік” распрацавалі летась дызайнеры хоспіса Валянціна Апановіч і Вольга Вялічка. Такія рэчы зручней апранаць і здымаць людзям на інвалідных вазках (яны хаваюць асіметрыю цела, скрыўленні пазваночніка і г. д.)

Само пытанне ўдзелу ў GrodnoFashiоnShow калекцыі адаптыўнага адзення вырашылася станоўча далёка не адразу. “Націснулі” на арганізатараў абласное упраўленне ідэалогіі, Офіс па правах людзей з інваліднасцю і кіраўніцтва каледжа мастацтваў, дзе праходзіла імпрэза. “Моднікі” баяліся, што інваліды сапсуюць ім свята… Паказ прайшоў прыстойна, і водгукі ў прэсе сабраў добрыя. Дзіцячы хоспіс у пераліку партнераў імпрэзы не назвалі. Наша грамадства не саспела да партнёрства?

Што казаць пра моду, калі нават навіны Паралімпіяды на папулярным партале Tut.by размешчаны ў рубрыцы “Околоспорт”…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ