Ініцыятары акцыі на 25 сакавіка ў Гародні запрошаныя ў гарвыканкам
Гарадзенскі гарвыканкам запрасіў на сустрэчу прадстаўнікоў рабочай групы па арганізацыі святкавання стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Сустрэча чыноўнікаў з прадстаўнікамі грамадcкасці запланавана на 12 сакавіка а 10-й гадзіне. Асноўным прадметам размовы будзе правядзенне ў Гародні 25 сакавіка масавай акцыі да сотых угодкаў абвяшчэння ІІІ Устаўной Граматы БНР.
Партыю БНФ на сустрэчы ў гарвыканкаме будзе прадстаўляць намеснік старшыні партыі і кіраўнік Гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў. У каментары прэс-службе Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў паведаміў, што ў Гародні грамадзянская супольнасць рыхтуе разнастайную праграму мерапрыемстваў з нагоды юбілею абвяшчэння беларускай незалежнасці:
«Мы плануем 23 сакавіка правесці літаратурную вечарыну, прысвечаную БНР. 24 сакавіка адбудзецца беларуская дыктоўка, а ўжо ў сам дзень 25 сакавіка хочам зрабіць усё ўрачыста, з канцэртам і мітынгам, каб да адзначэння свята маглі далучыцца ўсе гарадзенцы. І мы вельмі спадзяемся на тое, што зможам дамовіцца з гарадскімі ўладамі, каб мерапрыемства прайшло па-святочнаму», – сказаў намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.
Палітык таксама нагадаў, што яшчэ месяц таму ўлады Гародні далі негатыўны адказ на прапанову аб супольным адзначэнні даты 25 сакавіка, аднак пасля таго, як аргкамітэт акцыі ў Менску дасягнуў кансэнсусу са сталічнымі ўладамі наконт правядзення акцыі каля менскай оперы, стаўленне гарадзенскіх чыноўнікаў да слаўнага юбілею змянілася. Па словах Вадзіма Саранчукова, святкаванне стагоддзя БНР можа стаць самай маштабнай імпрэзай патрыятычнай скіраванасці ў Гародні за апошнія дзесяцігоддзі.
Беларускае Радыё Рацыя