Старшынёй БСДП „Грамада” абраны Ігар Барысаў
Старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) дэлегаты 18-га справаздачна-выбарнага з’езда арганізацыі 11 сакавіка ў Менску абралі Ігара Барысава.
Рашэнне прынятае ў выніку тайнага галасавання. Барысаў быў адзіным прэтэндэнтам на пасаду старшыні партыі. За яго прагаласавалі 36 дэлегатаў пры 17 супраць.
Папярэдні старшыня партыі Ірына Вештард не магла балатавацца на гэтую пасаду, бо ў адпаведнасці са статутам адзін чалавек не можа быць кіраўніком партыі больш як тры тэрміны. Вештард узначальвала БСДП (Грамада) з 2011 года.
Акрамя Барысава на пасаду лідара партыі былі прапанаваныя Алег Волчак і Ігар Маслоўскі. Аднак яны знялі свае кандыдатуры: першы — у сувязі з сямейнымі абставінамі, другі — з-за нязгоды з метадамі кіравання арганізацыяй.
Барысаў нарадзіўся 24 мая 1982 года ў Магілёве. Скончыў Беларуска-расейскі ўніверсітэт (Магілёў) і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільнюс). Мае дыпломы інжынера-электрыка і палітолага. Магістр палітычных навук. Працуе менеджарам у прыватнай фірме.
У БСДП (Грамада) уступіў у 2001 годзе. З кастрычніка 2010 года — намеснік старшыні партыі. Член незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і Беларускай асацыяцыі журналістаў. БелаПАН