Ці будзе ў Гародні шыльда да 100-годдзя БНР?
Амаль дзве сотні подпісаў сабралі грамадскія актывісты Гародні за ўсталяванне ў горадзе шыльды на доме, дзе ў 1919 годзе адбываліся пасяджэнні ўрада БНР.
Зборам подпісаў у Гародні займаецца грамадскі актывіст Анатоль Мышкевіч:
— Сёлета вялікая дата для гісторыі Беларусі: 100 гадоў заснавання БНР. Як вядома ў 1919 годзе Рада БНР пераехала ў Гародню, бо ў 1918 годзе немцы захапілі Менск. Гародня фактычна стала другой сталіцай БНР. У нас ёсць некалькі будынкаў, у якіх урад праводзіў свае пасяджэнні. Параіўшыся з нашымі гарадзенскімі гісторыкамі мы вырашылі, што найлепшым месцам будзе будынак гатэля Ромэра па вуліцы Савецкая, 23.
Па словах актывіста гарадзенцы з вялікай ахвотай падпісваюцца за тое, каб з’явілася памятная шыльда.
— Людзей гэта вельмі цікавяць, яны хочуць, каб як найбольш гарадзенскіх месцаў, якія мелі вялікае значэнне не толькі для гісторыі Гарадзеншчыны, але і ўсёй Беларусі, былі неяк адзначаны. Каб самі гарадзенцы ведалі пра іх і бачылі. Таксама і турысты якія апошнім часам шмат прыязджае ў наш цудоўны горад, каб яны бачылі, наколкі гэты горад важны для гісторыі Беларусі, гісторыі ВКЛ, гісторыі Рэчы Паспалітай.
Мастацкай падрыхтоўкай праекта шыльды і яе вырабам будзе займацца гарадзенскае аддзяленне Саюза мастакоў. Аднак гэта па словах Анатоля Мышкевіча будзе адбывацца пасля атрымання дазволу на яе ўсталяванне ад гарадскіх уладаў.
Беларускае Радыё Рацыя