Ад пачатку года інфляцыя ў Беларусі склала 1,7%
Спажывецкія цэны ў Беларусі ў лютым 2018 года ў параўнанні са студзенем выраслі на 0,9%, са снежнем 2017-га — на 1,7%, да лютага 2017-га — на 4,9%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.
У лютым 2018 года ў дачыненні да студзеня цэны на харчовыя тавары выраслі на 0,6% (з пачатку года — на 1,4%), на нехарчовыя — 0,2% (на 1%), на паслугі — на 2,5 % (на 3,1%).
Па выніках 2017 года зафіксавана самая нізкая ў гісторыі суверэннай Беларусі інфляцыя — 4,6%. У 2016 годзе спажывецкія цэны выраслі на 10,6%.
Згодна з планамі ўрада, рост спажывецкіх цэн у 2018 годзе павінен скласці не больш за 6% (у першым квартале — 2,7%, за паўгоддзе — 4,1%, за тры кварталы — 4,3%).
Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады прадугледжана зніжэнне інфляцыі да 5%.
Эксперты ў каментары БелаПАН адзначалі, што прычынай нізкай інфляцыі з’яўляецца цвёрдая грашова-крэдытная палітыка. Паводле іх прагнозаў, у 2018 годзе, хутчэй за ўсё, інфляцыя будзе трохі паскарацца з-за дырэктыўнага павышэння заробкаў, а таксама росту аб’ёмаў спажывецкага крэдытавання. Усё гэта адаб’ецца на росце цэн. БелаПАН