Рух Салідарнасці “Разам”: Свабоду Святаславу Барановічу!
Рух Салідарнасці “Разам” выступіў з заявай у сувязі з жорсткім прысудам, які 12 сакавіка абвясціў суд Маскоўскага раёна Менска. Святаслаў Барановіч, які адбіваў анархістаў ад супрацоўнікаў міліцыі пасля „Маршу недармаедаў” у Менску ў сакавіку мінулага года, асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
ЗАЯВА
Руху Салідарнасці “Разам”
СВАБОДУ СВЯТАСЛАВУ БАРАНОВІЧУ!
Рух Салідарнасьці “Разам” выказвае сваё абурэнне прысудам удзельніку санкцыянаванай мірнай акцыі 15 сакавіка 2017 года Святаславу Барановічу.
Святаслаў Барановіч кінуты ў вязніцу на тры гады за тое, што 15 сакавіка 2017 г. спрабаваў бараніць моладзь ад гвалту невядомых асобаў “ў цывільным”. Па інфармацыі ПЦ “Вясна”, Святаслаў з 2 кастрычніка 2017 г. знаходзіцца за кратамі. Гэтая ізаляцыя практычна пазбавіла яго юрыдычнай дапамогі з боку праваабаронцаў. Таму на працэсе паводзіны адваката нават не нагадвалі дзеянні абаронцы. Ізаляцыя прывяла да самаагавору самога Святаслава, ад чаго ён адмовіўся ў сваім апошнім слове.
Рух Салідарнасці “Разам” разглядае судовы працэс над Святаславам Барановічам, як цалкам сфальсіфікаваны, а яго самога лічыць палітвязнем.
Гэты ганебны прысуд сведчыць, што ніякай “лібералізацыі” у нашай краіне няма. Пакуль Святаслаў Барановіч знаходзіцца ў няволі, усе ўнутраныя і знешнія дамовы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі з’яўляюцца цалкам амаральнымі. Ад гэтага часу ўмова вызвалення беларускага патрыёта з вязніцы мусіць стацца галоўнай умовай усіх магчымых камунікацыяў з гэтай уладай.
Заклікаем беларускую і міжнародную супольнасць да кампаніі салідарнасці з палітвязнем Святаславам Барановічам!
Свабоду Святаславу Барановічу!
Свабоду палітвязням!
Жыве Беларусь!
Менск, 13.03.2018 г.
Беларускае Радыё Рацыя