Зварот Рады ТБМ з нагоды 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі
Шаноўнае спадарства!
Сёлетні 2018 год праходзіць пад знакам выдатнай падзеі ХХ ст. – 100-гадовага юбілею аднаўлення нашай дзяржаўнасці. Для кожнага грамадзяніна нашай краіны гэта найважнейшая дата. Роўна сто гадоў таму ў няпростых палітычных умовах нашы папярэднікі – тагачасная палітычная эліта – зрабілі рашучыя крокі, узяўшы на сябе адказнасць за лёс сваёй краіны, і абвесцілі пра стварэнне суверэннай дзяржавы.
Іх дзейнасць стала асновай для далейшай пабудовы незалежнай беларускай дзяржавы Рэспубліка Беларусь, якая з’явілася на карце свету ў 1991 г. Збылася мара многіх пакаленняў беларусаў – жыць у сваёй краіне, размаўляць на сваёй роднай мове, развіваць сваю культуру, ладзіць сваё жыццё на нацыянальным падмурку і на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. На жаль, не ўсё зроблена так, як павінна быць і як бы нам хацелася. Але мы маем галоўнае – сваю ўласную дзяржаву.
Таварыства беларускай мовы віншуе грамадзян Беларусі і ўсіх нашых суайчыннікаў з гэтай датай – 100-мі ўгодкамі БНР. Мы вітаем усіх, хто далучыўся да святочных мерапрыемстваў, хто ладзіць розныя імпрэзы з нагоды юбілею па ўсёй краіне і за яе межамі. Заклікаем урачыста і годна адзначыць 100-гадовы юбілей аднаўлення нашай дзяржаўнасці. Гэта выдатная нагода для кансалідацыі актыўных грамадскіх сіл краіны. Разам мы зможам здзейсніць усё задуманае нашымі папярэднікамі дзеля годнага жыцця нашага народа і росквіту Беларусі.
Менск 13 сакавіка 2018 г.