„Белнафтахім” другі раз за тыдзень павышае цэны на паліва



Канцэрн „Белнафтахім” другі раз за апошні тыдзень павышае цэны на аўтамабільнае паліва. Рознічныя цэны на аўтамабільны бензін і дызельнае паліва 15 сакавіка на аўтазаправачных станцыях павялічваюцца на 1 капейку, або ў сярэднім на 0,76%. Кошт 1 літра бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1 рубель 23 капейкі, АІ-95-К5-Еўра — 1 рубель 31 капейку, АІ-98-К5-Еўра — 1 рубель 53 капейкі, дызпаліва — 1 рубель 34 капейкі.

10 сакавіка бензін падаражэў на 1 капейку, дызпаліва — на 2. Адначасова „Белнафтахім” анансаваў новы падыход да цэнаўтварэння на нафтапрадукты: „У залежнасці ад змены сітуацыі на нафтавым рынку прадугледжваецца магчымасць карэкціроўкі цэн на нафтапрадукты як у бок іх павелічэння, так і зніжэння. Пры гэтым прадугледжваецца паступовы выхад на ўзровень цэн, супастаўны з дзейным на расійскім рынку. У далейшым цэны будуць карэктавацца ў адпаведнасці са зменамі сусветных цэн на нафту, курсу нацыянальнай валюты і падатковай нагрузкі на нафтаперапрацоўчыя заводы”.

Паводле інфармацыі канцэрна, сярэдняя цана на нафту маркі Urals за студзень—люты 2018 года павялічылася на 23,8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склала 65,99 долара ЗША за бараль.

На 10 сакавіка ў сумежных рэгіёнах Расіі кошт бензіну быo вышэйшы, чым у Беларусі, на 7—10%, дызпаліва — на 6—8%. Цэны на ўкраінскім рынку перавышалі беларускія ў 1,5 разу, на балтыйскім і польскім — у 2 разы.

Цяперашняе падаражанне стане трэцім з пачатку года. Першае адбылося 8 лютага, калі кошт паліва вырас на 2 капейкі. У 2017 годзе цана на паліва павялічвалася сем разоў, а да гэтага больш за два гады (пасля 13 студзеня 2015 года) не змянялася.  БелаПАН