У Маскве праходзяць перамовы па праблемах з пастаўкамі малака



У Маскве 14 сакавіка праходзяць перамовы па ўрэгуляванні праблемы з пастаўкамі малака з Беларусі ў Расею. Беларускую дэлегацыю на іх узначальвае намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы, расейскую — віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч.

Як паведамілі БелаПАН у Мінсельгасхарчы Беларусі, перамовы павінны былі пачацца ў 15 гадзін.

Напярэдадні міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц паведаміў, што Беларусь прапаноўвае Расеі прыняць дарожную карту для ўрэгулявання спрэчкі па пастаўках малака. „Мы прапанавалі для ўрэгулявання дарожную карту, у якой пазначаныя пазіцыі Беларусі, улічаныя пазіцыі Расейскай Федэрацыі. Упэўнены, што разгляд і прыняцце гэтай дарожнай карты здыме забарону паставак нашых прадпрыемстваў на расійскі рынак”, — сказаў ён журналістам 13 сакавіка ў Менску. „Ёсць усе шанцы, каб сесці за стол перамоў і дамовіцца па доступе нашай прадукцыі на рынкі Расіі”, — дадаў Заяц.

„З упэўненасцю магу сказаць, што рэшткаў антыбіётыкаў у нашай прадукцыі няма і не можа быць. Сыравіна, якая сёння паступае з гаспадарак на малочнае прадпрыемства, вельмі грунтоўна кантралюецца. Той жа самы кантроль ёсць і ў працэсе перапрацоўкі. Пры адгрузцы гатовай прадукцыі кожная партыя даследуецца ў лабараторыях”, — падкрэсліў кіраўнік Мінсельгасхарча.

З канца лютага Менск і Масква спрабуюць урэгуляваць праблему паставак беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак. Рассельгаснагляд аб’явіў аб увядзенні часовых абмежаванняў на пастаўкі такой прадукцыі, палічыўшы яе небяспечнай. Першапачаткова абмежаванні планавалася ўвесці 26 лютага, потым тэрмін быў перанесены на 6 сакавіка, пасля — на 15-е.

Фота НТВ