Беларусь і Чэхія падпісалі дамову аб пенсійным забеспячэнні



Беларусь і Чэхія падпісалі дамову аб пенсійным забеспячэнні, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Падпісанне адбылося 14 сакавіка ў Менску. З боку Беларусі дакумент падпісала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, з чэшскага — пасол Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт.

У міністэрстве адзначылі, што падпісанне дамовы з’яўляецца чарговым важным крокам у развіцці міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне пенсійнага забеспячэння.

Дамова распаўсюджваецца на грамадзян, якія пражываюць і працуюць або якія працавалі на тэрыторыі Беларусі і Чэхіі, і накіравана на забеспячэнне фарміравання грамадзянамі пенсійных правоў за перыяды працы на тэрыторыі названых дзяржаў і рэалізацыі гэтых правоў.

Краіны дамовіліся аб выплаце узносаў на абавязковае дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, куды ўваходзіць пенсійнае забеспячэнне, дапамога па часовай непрацаздольнасці, дапамога па цяжарнасці і родах і іншае. А таксама дамоўленасць тычыцца прызначэння і выплаты пенсій па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці і ў выпадку страты карміцеля.

Выплата страхавых узносаў будзе праводзіцца па агульных правілах у адпаведнасці з заканадаўствам дзяржавы, на тэрыторыі якой грамадзяне працуюць. Пенсіі кожная дзяржава будзе прызначаць у адпаведнасці са сваім заканадаўствам за стаж, набыты на яе тэрыторыі, і выплачваць ў краіне пражывання грамадзяніна.

Дамова набудзе моц пасля выканання дзяржавамі неабходных унутрыдзяржаўных працэдур.

Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам шматбаковага пагаднення ў галіне пенсійнага забеспячэння ў рамках СНД. Таксама наша краіна заключыла двухбаковыя дамовы па пытаннях пенсійнага забеспячэння з Украінай, Малдовай, Расеяй, Літвой, Латвіяй і Азербайджанам. Вядзецца праца над праектамі такіх дамоў з Польшчай і Эстоніяй.  БелаПАН