У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава, прысвечаная БНР



Выстава, прымеркаваная да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, адкрылася 14 сакавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Экспазіцыю падрыхтавалі супрацоўнікі Нацыянальнага архіва, Нацыянальнага гістарычнага архіва, Цэнтральнага архіва КДБ, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага гістарычнага музея.

У экспазіцыю ўвайшлі карты БНР, архіўныя дакументы і фатаграфіі, зброя і ваеннае абмундзіраванне, карціны, бытавыя прадметы, а таксама плакаты, шыльды, штампы і пячаткі, вырабленыя з выкарыстаннем нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікі і герба „Пагоня”.

Дырэктар Інстытута гісторыі НАНБ Вячаслаў Даніловіч падкрэсліў, што навукоўцы-гісторыкі разглядаюць дзяржаўнасць як „унутраны патэнцыял народа, які забяспечвае яго здольнасць да працяглага самастойнага існавання”.

„Пад уплывам радыкальных геапалітычных зменаў, якія адбываліся ў той час, здарылася хуткая трансфармацыя ідэі беларускай дзяржавы — ад аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і яе незалежнасці ў сакавіку 1918 года. Так, БНР як дзяржава не адбылася, але гэта была першая спроба практычнай рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Гэта вельмі важны і істотны момант для нашага народа і яго гісторыі”, — адзначыў Даніловіч.

Паводле слоў навукоўца, менавіта тады беларусы ўпершыню паспрабавалі стварыць сваю нацыянальную дзяржаву. Нягледзячы на няўдачу, абвяшчэнне БНР спрыяла „рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове”. „Вядома, гэта быў складаны ўзаемазвязаны працэс, насычаны негатыўнымі момантамі і недахопамі, але ў выніку на трывалай аснове БССР мы прыйшлі да незалежнай Рэспублікі Беларусь”, — лічыць ён.

Даніловіч мяркуе, што беларусы павінны „аб’ектыўна і на навуковай аснове глядзець на сваю гісторыю”, а таксама імкнуцца „кансалідаваць, а не раздзяляць грамадства і ўмацоўваць сучасную дзяржаўнасць”. „Менавіта гэты пасыл і закладзены ў гэтую выставу, канцэпцыю якой распрацавалі навукоўцы Інстытута гісторыі”, — падкрэсліў ён.

belapan.com

Фота Сяргея Гудзіліна