Галоўнае, каб было свята. Зміцер Вайцюшкевіч пра Дзень Волі



«Хачу, каб гэта ўсё было мірна, светла каб «чэсныя» і «нячэсныя» маглі абдымацца і казаць, што мы – беларусы, што мы тут жывыя…»

Вядомы беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч у нашым эфіры паразважаў на тэму сёлетняга Дня Волі – стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

РР: Набліжаецца Дзень Волі. Вядома, што 25 сакавіка ў вас запланаваны выступ у Варшаве. Прызнайцеся шчыра, хацелі б у гэты дзень выступіць у Менску?

Немагчыма разарвацца. Я б хацеў таксама і ў Ню-Ёрку, і ў Сан-Францыска выступіць, у Беластоку і ў Варшаве, у Гомель клікалі ды ў Ліду родную. Я пра гэта думаю, чым апраўдвацца буду. Тым, што беларускай музыкі павінна быць шмат і беларускіх артыстаў павінна быць шмат. У Варшаве таксама нехта патрэбны, і ў дадзеным выпадку гэта буду я. Яшчэ хацеў бы сказаць, што святкаванне стагоддзя БНР – гэта не толькі 25 сакавіка. Гэта можа быць на працягу ўсяго году: мерапрыемствы, канцэрты, сустрэчы, дыскусіі і пошукі саміх сябе. І нават не толькі на працягу году, а паколькі ты – беларус, гэта трэба рабіць на працягу ўсяго свайго ўласнага жыцця.

РР: У гэтай дыскусіі, якая разгарнулася вакол святкавання ў Менску, калі адна частка арганізуе мітынг і канцэрт, а другая – рыхтуе шэсце, вы занялі нейкую сваю пазіцыю?

Мне заўсёды цікава, што будзе пасля шэсця або канцэрту, ці такога святкавання ўрачыстага. Хацелася б, каб гэта ўсё было мірна, светла каб “чэсныя” і “нячэсныя” маглі абдымацца і казаць, што мы – беларусы, што мы тут жывыя, у нас ёсць сваё жыццё, можа і складанае, але неяк “шкрабецца”. З іншага боку, не хацелася б, каб тое, што зараз адбываецца (і шэсце, і канцэрт), выглядала як нейкая стратэгія падмануць адзін аднаго. Калі ўжо мы такія ўсе светлыя, чыстыя і ўсе разам, то давайце будаваць, не падманваць, не рабіць гэтыя “шахі і маты”. Вось гэта мяне хвалюе. А тое, што будзе канцэрт і мітынг – гэта важна. Доўгі час да мікрафону не дапускаліся людзі, якія могуць сказаць нешта іншае. Таму я за спробы выказацца ўсім. І спадзяюся, што пасля ўсіх гэтых падзей Беларусь пойдзе далей.

Зміцер Вайцюшкевіч цяпер пачаў канцэртны тур па Беларусі пад назвай “Вясновы дзень”. Хоць заўважае, што перамовы з рознымі пляцоўкамі ідуць часам складана. Таксама плануюцца канцэрты за мяжой, бліжэйшы з іх адбудзецца 25 сакавіка ў Варшаве.

Цалкам гутарка з музыкам у далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя