Сяргей Кавалёў пра Пуціна: «Пацука трэба душыць»
Пуцін паводзіць сябе як дваровы хуліган, а Захад павінен жорстка рэагаваць на яго выхадкі. Гэтак зазначае расейскі дысідэнт і вязень савецкай калоніі Сяргей Кавалёў.
У размове з варшаўскімі журналістамі, Сяргей Кавалёў пракаментаваў матывацыю атручвання палкоўніка ГРУ Скрыпаля і яго 33-гадовай дачкі ў Вялікабрытаніі:
— Гэта бандыцкая «чорная метка» і ўрок на будучыню. Пуцін жа з КДБ і ведае маральны ўзровень сваіх калег. Ён разумее, што дасі гэтым КДБшнікам падачку і шмат хто з іх перабяжыць. А каб гэтага не было, трэба паказаць: глядзіце. Хлопцы, хто перабяжыць, дык такі чакае яго лёс.
На думку Сяргея Кавалёва, агрэсіўныя дзеянні Масквы даўно перасталі быць унутранай справай Расеі. А таму міжнароднай супольнасці трэба прыкласці намаганні для ліквідацыі пуцінскага рэжыму, перадусім, перастаць купляць расейскі газ:
— Можна купіць газ не толькі Расеі, але можа даражэй. А вы гатовыя рызыкаваць загінуць у атамнай вайне? Вось што лепш: крыху памерзнуць ці схапіць крыху радыяцыі? Што рабіць з пацуком, якога загналі ў кут? На жаль, ён становіцца куслівым і разноcbць чуму. Яго трэба душыць.
Таксама Сяргей Кавалёў дадаў, што свабодных і справядлівых выбараў у Расеі няма, а таму заходнім лідарам не выпадае віншаваць Пуціна з “перамогай” у бліжэйшую нядзелю.
Сяргей Кавалёў займаўся грамадскай і праваабарончай дзейнасцю пачынаючы з 50-ых гадоў. Дэсідэнт адсядзеў у калоніі 7 гадоў па абвінавачванні “ў антысавецкай агітацыі”.
У дзевяностых Сяргей Кавалёў займаў пасаду Упаўнаважанага ў справах правоў чалавека ў Расеі.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя