Міжгароднія маршрутныя таксі ў Беларусі аднаўляюць сваю работу
Міжгароднія маршрутныя таксі ў Беларусі аднаўляюць сваю работу, паведаміў начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей Дубіна.
„Міжгароднія аўтамабільныя перавозчыкі, якія раней працавалі ў нерэгулярных зносінах, аднаўляюць сваю дзейнасць, але ўжо ў якасці рэгулярных перавозчыкаў. Рынак ажывае, цяпер заключана 25 дагавораў з перавозчыкамі, якія раней працавалі як „нерэгуляршчыкі”. Згодна з гэтымі дагаворамі, 135 машын змогуць працаваць на маршрутах: хтосьці з іх ужо ажыццяўляе перавозкі, хтосьці пачне ў бліжэйшы час”, – адзначыў ён.
Сяргей Дубіна таксама расказаў, што на гэтым тыдні быў заключаны першы дагавор паміж аператарам пасажырскіх перавозак і дыспетчарскай службай, згодна з якім дыспетчар афіцыйна прызнаны перавозчыкам. „Гэта першы выпадак, калі кіраўнік становіцца і перавозчыкам. Калі раней дыспетчар толькі браніраваў месцы і перадаваў гэту інфармацыю „нерэгуляршчыкам”, з якімі ён працаваў, то цяпер дыспетчар будзе заключаць дагавор з аператарам на ажыццяўленне рэгулярных перавозак. Яму будуць даваць расклад, ён будзе несці адказнасць за зрыў рэйсаў. А потым ужо дыспетчар будзе заключаць дагаворы са сваімі партнёрамі – ІП”, – растлумачыў начальнік упраўлення. Ён удакладніў, што першы дагавор быў заключаны з „Полацкім экспрэсам”.
Як паведамляе газета „СБ. Беларусь сегодня”, на маршруце паміж Менскам і Жыткавічамі 16 сакавіка аднаўляе сваю дзейнасць „Тураўскі экспрэс”. У рэжыме рэгулярных зносін паехалі маршруткі на Салігорск. Паводле слоў кіраўніка „Полацкага экспрэса” Дзмітрыя Навіцкага, у бліжэйшыя дзень-два на лінію выйдуць і яны.
У „Мінаблпасажыртрансе” выдачу дазволаў на маршруты пачалі з 27 лютага, і, паводле слоў намесніка дырэктара Вадзіма Дылько, першы аформлены дагавор быў на маршруце на Слуцк. „Цяпер туды арганізуюцца больш за 10 адпраўленняў штодзень, і гэта калі гаварыць толькі аб маршрутках. Перавозчыкі з Капыля, якія раней працавалі як нерэгулярныя, таксама падалі заявы і цяпер афіцыйна абслугоўваюць маршрут. Мы складаем і абмяркоўваем графік руху максімальна зручны для мясцовых жыхароў, каб была магчымасць паехаць раніцай з горада і вярнуцца пасля рабочага дня. Цяпер працуем над нармалізацыяй рэгулярных зносін з Бараўлянамі, прымаючы пад увагу сацыяльную важнасцьзнаходзімых там медыцынскіх устаноў. Магчымасць прыняць удзел у маючых адбыцца конкурсах павінна быць у любога перавозчыка незалежна ад аб’ёму яго аўтапарку”, – расказаў ён.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, старшыня праўлення Беларускага саюза транспартнікаў Валерый Барадзеня нагадвае, што магчымасць ствараць аператараў перавозак была прадугледжана і раней. „Чаму ў некаторых рэгіёнах аператараў перавозак не стварылі раней? Гэты ж інстытут быў прадугледжаны і ў папярэдняй рэдакцыі закона… Датавацца, дарэчы, праз яго на конкурснай аснове павінны не толькі дзяржаўныя перавозчыкі, але і прыватныя. Ёсць яшчэ адна прапанова: вакзалы, з якімі перавозчыкі заключаюць дагаворы, не павінны адносіцца да сістэм аблаўтатрансаў або „Мінсктранса”. Галоўнае, каб усе варыянты абмяркоўваліся з карысцю для справы і ў інтарэсах пасажыраў”, – канстатаваў ён.
Як паведамлялася, змяненні ў закон „Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках”, якія прадугледжваюць у тым ліку новыя правілы работы вадзіцеляў маршрутных таксі, уступілі ў сілу 23 студзеня бягучага года. Некаторыя перавозчыкі з 26 лютага паведамлялі аб часовым спыненні сваёй дзейнасці.