Права на працу



15 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень Канстытуцыі… І гэта добрая нагода паразважаць пра нашы правы ды абавязкі тут і цяпер. Вясной 2018 года. У краіне пад шэрым небам.

Добра вядома, што правы аднаго чалавека заканчваюцца там, дзе пачынаюцца правы іншага, што дзяржава павінна абараняць правы сваіх грамадзянаў і быць своеасаблівым арбітрам. Вядома, няпроста неперадузята судзіць кожны матч, але варта імкнуцца быць па-над спрэчкай штораз. Трымаць баланс… Марыць не шкодна.

Канстытуцыя РБ сцвярджае, што манапалізацыя СМІ дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі недапушчальныя. Цэнзура – таксама. А насамрэч? Спрачацца бессэнсоўна. Мы цудоўна бачым, як яно… Насамрэч. І колькі журналістаў атрымалі штрафы за тое, што… працуюць. Падчас у статусе блогера, бо немагчыма атрымаць акрэдытацыю, калі ты працуеш у тых СМІ, якія не паспела манапалізаваць дзяржава.Або не палічыла патрэбным. Ок, лірыка.

Ёсць і статыстыка. Амаль 70 % еўрапейскіх журналістаў сутыкаліся з ціскам падчас сваёй прафесійнай дзейнасці. Пакаранне за перашкоды ў прафесійнай дзейнасці журналіста з’явілася ў крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь яшчэ у 2001 годзе. Артыкул 198. Прагрэсіўна і дэмакратычна, але з часу прыняцця закону ніхто ні разу і не быў прыцягнуты да адказнасці. Затое журналісты старанна плоцяць штрафы. Гіперадказныя працаголікі.

У дадатак да ранейшых “спрыяльных” умоваў працы журналістам прапаноўваюць абазначыцца на масавых мерапрыемствах, каб не трапіць пад гарачую руку праваахоўнікам. Лагічна, дзякуй, але было яшчэ больш лагічна і прадуктыўна, каб праваахоўнікі зажны пазначалі сябе. Апрануцца па форме, глядзіш і сутычак з агрэсіўнымі рэпартэрамі будзе менш.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ