Мінфін Расеі ацэньвае нафтасубсідыі Беларусі ў 2,4 млрд даляраў



Бюджэт Расеі недаатрымлівае 140 млрд расейскіх рублёў (каля 2,4 млрд даляраў) з-за паставак Беларусі нафты на льготных умовах, заявіў дырэктар дэпартамента падатковай і мытнай палітыкі Мінфіна Расеі Аляксей Сазанаў.

Ацэнка ведамства заснаваная на тым, што Беларусі РФ прадае нафту бяспошлінна і па цэнах ніжэйшых за рыначныя, адзначае расейская газета „Ведамасці”.

Паводле інфармацыі БелаПАН, у 2017 годзе Беларусь купляла нафту ў Расеі па цане 80% рыначнай. „У 2018 годзе аналагічныя ўмовы набыцця нафты захаваюцца”, — сказаў прадстаўнік нафтаперапрацоўчай галіны.

Аднак Расея, нагадаў ён, рэалізуе падатковы манеўр, які ў будучыні прывядзе да таго, што Беларусі давядзецца купляць нафту па сусветных (рыначных) цэнах.

Падатковы манеўр, які пачаўся яшчэ ў 2015 годзе, прадугледжвае павелічэнне падатку на здабычу карысных выкапняў і памяншэнне экспартных пошлін на нафту.

„У выніку рэалізацыі падатковай рэформы ў нафтавай галіне Расеі памер экспартнай пошліны, які застаецца ў распараджэнні Беларусі, будзе паступова змяншацца на фоне адначасовага росту імпартных цэн на расейскую нафту, што будзе прыводзіць да пагаршэння энергабалансу Беларусі незалежна ад дынамікі цэн на нафту на сусветным рынку”, — лічаць эксперты Еўразійскага банка развіцця.