Лукашэнка павіншаваў Сі Цзіньпіна з пераабраннем на пасаду старшыні КНР
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Сі Цзіньпіна з пераабраннем на пасаду старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі.
„Пад Вашым мудрым кіраўніцтвам народ Кітая упэўнена рэалізуе ў духу ідэі аб „сацыялізме з кітайскай спецыфікай ў новую эпоху” грандыёзныя „мэты двух стагоддзяў”, накіраваныя на рост дабрабыту грамадзян і ажыццяўленне мары аб вялікім адраджэнні нацыі”, — цытуе віншаванне прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы.
Лукашэнка адзначыў, што партнёрства паміж краінамі дасягнула найвышэйшага ўзроўню развіцця ў гісторыі двухбаковых адносін. „Дзякуючы канструктыўнаму дыялогу, узаемнаму даверу і павазе да інтарэсаў адзін аднаго мы здолелі закласці трывалы падмурак для эфектыўнай рэалізацыі намечаных сумесных праектаў”, — падкрэсліў ён.
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама выказаў упэўненасць у поспеху саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, які пройдзе пад старшынствам Сі Цзіньпіна ў горадзе Ціндаа і „стане, без сумневу, важнай вяхой у працы гэтага ўплывовага міжнароднага аб’яднання”. „Спадзяюся на магчымасць нашай сустрэчы ў рамках саміту, а таксама запрашаю Вас наведаць Беларусь у любы зручны час”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Сі Цзіньпіну „добрага здароўя, шчасця і нязменных поспехаў у адказнай дзяржаўнай дзейнасці на карысць народа Кітая і ўмацавання дружалюбных беларуска-кітайскіх адносінаў”.
Дэпутаты Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў (УСНП) аднагалосна пераабралі Сі Цзіньпіна на пасаду старшыні КНР яшчэ на адзін пяцігадовы тэрмін. Выбары кіраўніка дзяржавы адбыліся раніцай у суботу на пятым пленарным пасяджэнні першай сесіі УСНП 13-га склікання шляхам тайнага галасавання. Усе прысутныя 2.970 дэпутатаў аднагалосна прагаласавалі „за”.
Сі Цзіньпін быў абраны на пасаду старшыні КНР на сесіі УСНП 12-га склікання ў сакавіку 2013 года.
Пасада старшыні КНР была заснаваны паводле канстытуцыі краіны 1954 года, адменена ў 1975 годзе, а затым зноў адноўлена ў 1982 годзе. Да 11 сакавіка гэтага года старшыня КНР мог абірацца тэрмінам на пяць гадоў і займаць гэтую пасаду не больш за два тэрміны, аднак на цяперашняй сесіі дэпутаты УСНП унеслі папраўкі ў канстытуцыю краіны.
belapan.by