Пасол Расеі лічыць немагчымым сур`ёзнае пагаршэнне адносін з Беларуссю



Сур`ёзных змяненняў у адносінах Расеі і Беларусі ў бок пагаршэння „чакаць немагчыма”, заявіў расейскі пасол Аляксандр Сурыкаў 18 сакавіка журналістам пасля галасавання на выбарах прэзідэнта РФ у пасольстве ў Менску.

„Узаемаадносіны Беларусі і Расеі даўно склаліся як брацкія, зыходзячы з агульных гістарычных і культурных каранёў. Сур`ёзных змяненняў у бок пагаршэння чакаць немагчыма, а ў бок далейшай інтэграцыі — трэба, бо гэта залог поспеху нашых краін на найбліжэйшыя гады”, — заявіў дыпламат.

Паводле яго слоў, у Беларусі на выбарах датэрмінова ўжо прагаласавала амаль дзве тысячы расіян. Напрыклад, у Астраўцы, дзе шмат грамадзян РФ працуюць на будаўніцтве Беларускай АЭС, ужо прагаласавала каля 1.600 чалавек. Усяго ж на консульскім уліку зарэгістравана прыкладна 60 тысяч расіян. На сёлетніх выбарах у Беларусі адкрыта 13 участкаў (на мінулых — 9). Сурыкаў падкрэсліў, што яўка на 20—25% перавысіла яўку ў 2012 годзе, на папярэдніх выбарах прэзідэнта.

Адказваючы на пытанне, з якімі чаканнямі расійскія грамадзяне ідуць на выбары, дыпламат сказаў: „Грамадзяне Расеі чакаюць умацавання Расійскай Федэрацыі ў знешняй палітыцы (што і адбываецца), паляпшэння свайго дабрабыту”.

Адказваючы на пытанне БелаПАН, за каго ён галасаваў, Сурыкаў адказаў, што ён „работнік расейскай улады і аддаў свой голас за Уладзіміра Пуціна”.

Гаворачы аб знешняй палітыцы Расеі, Сурыкаў заявіў: „Мы пасылаем ясны сігнал, што мы не сталі слабейшымі, як разлічвалі заакіянскія і еўрапейскія партнёры. Мы сталі мацнейшымі, таму давайце дамаўляцца, каб не адбылося чагосьці непрыемнага”.

На думку Сурыкава, канфрантацыйны складнік у адносінах Расеі з краінамі Захаду „будзе сыходзіць у нуль, таму што бачная бескарыснасць сілавых намаганняў, лепш жыць мірна”.

Адказваючы на пытанні, калі прэзідэнтам не будзе абраны Пуцін, дыпламат адказаў, што Расея „існуе на працягу доўгага часу — ад Кіеўскай Русі і Маскоўскага княства да Расейскай імперыі, СССР і свайго цяперашняга стану. „Наша краіна будзе існаваць у вяках і доўга”, — заявіў пасол.

belapan.by

Фота © Sputnik / Віктар Талочка