Код натхнення
Натхненне мае свой код ды свой кошт, асабліва ў нашай краіне: тут усё каштуе вельмі дорага. Падчас драйв і жаданне штосьці рабіць прападаюць у працэсе спрэчак па дарозе да чарговай вялікай мэты. Згадаем падрыхтоўку да “юбілейнага” Дня Волі.
Такая ўжо традыцыя ў беларусаў – спрачацца да страты прытомнасці, абараняючы сваіх і “чужых” выкрываючы. Між тым, жыццё навокал не спыняецца і дэдлайны ва ўсемагчымых праектах ніхто не адмяняў. Адзін з такіх цікавых праектаў у Беларусі – ужо традыцыйны! – канферэнцыі TED (тэхналогіі, забавы, дызайн).
17 сакавіка ў Mariott Hotel у Менску прайшоў TEDxMinsk пад назвай “Код натхнення”. Магчымасць сачыць за падзеяй анлайн, 500 гледачоў у залі і 9 спікераў, якія распавядалі пра танец, медыцыну, беларускія балоты, захапленне спортам (і турызм!), выдавецкую справу, анімацыйнае кіно, мастацтва і… Многія, многія іншыя рэчы…
Аляксей Талай распавядаў пра мастацтва трымацца і быць сабой у самых неспрыяльных жыццёвых умовах. Аляксей падарваўся на гармаце часоў Другой сусветнай і ў 16 гадоў вучыўся жыць нанова без рук і ног. Ён стаў паспяховым прадпрымальнікам, цікавым прамоўцам, клапатлівым мужам і бацькам чатырох дзяцей.
Эколаг Кастусь Чыкалаў распавядаў пра беларускія балоты, якія асацыіруюцца ў нас перш-наперш са славутай беларускай абыякавасцю. Грамадская арганізацыя “Багна” старанна і неабыякава абараняе “лёгкія Еўропы” ўжо 15 гадоў… Што мы ведаем пра ўсё гэта і пра прыгажосць старажытнай і загадкавай экасістэмы?
Ірына Кісялёва, скончыўшы кар’еру балярыны, сышла ў рэкламу, але потым стварыла сямейны інклюзіўны тэатр “І”. Разам са звычайнымі таленавітымі дзецьмі тут займаюцца творчасцю і выконваюць ролі дзеці з аўтызмам, а таксама дарослыя прафесійныя артысты.
Падзеі з серыі TED адбываюцца ў Беларусі з 2009 года. Таленавітыя людзі цікава распавядаюць пра важныя рэчы. Важныя для ўсяго свету. Не толькі для адной краіны, што стомлена ходзіць па коле сваіх нявырашаных праблемаў.