Мясціны, падзеі і асобы БНР у Берасці. Частка трэцяя



Краязнаўцы Ірына Лаўроўская і Ігар Бараноўскі шпацыруюць па родным Берасці і апавядаюць пра месцы, звязаныя з дзеячамі БНР. Горад, быў не толькі месцам нараджэння некаторых з іх, але стаў месцам апошніх гадоў жыцця, як напрыклад Адама Трыпуса – кіраўніка “БНР-аўскай партызанкі”.

Ірына Лаўроўская: Адам Трыпус пераехаў у Берасце з Ратайчыц у 1934 годзе. Толькі ў 1934 годзе ён дабіўся таго, што яму можна было ўжо працаваць у вялікім горадзе. Да гэтага, яго проста не дапускалі, не было магчымасці. У яго была забарона на пражыванне ў Гарадзенскай вобласці. У 1934 годзе яны набылі тут сабе кватэру ці дом, не вельмі добра зразумела, спачатку на вуліцы Вясковай (Wiejskiej), гэта дзесці недалёка тут было, а пазней яны пераехалі ў цэнтр горада, на вуліцу Сянкевіча (Sienkiewicza), гэта там, дзе зараз Маякоўскага, дзе гімназія, каля касцёла недалёка. Але, я так разумею, што пасля вайны там пачалася перабудова, і дзесці можа ў 50-я гады, яны набылі дом, участак, на Граеўцы. Сам дом – ён такі тыповы для гэтага раёну, драўляны, зручны, шляхецкі. Мы там з Ігарам былі ў 90-я, у Ірыны Адамаўны. Вельмі добра ўкладзены, з добрым салонам, з добрай бібліятэкай. Ірына Адамаўна сама працавала ў інстытуце ўдасканальвання, выкладала нямецкую мову, была перакладчыцай з польскай мовы, была настаўніцай, як і бацька, шмат хто яе напэўна памятае яшчэ.

Дом Адама Трыпуса па адрасе вуліца Лінейная 34. Цяпер тут жывуць сваякі дзеяча Беларускай Народнай Рэспублікі

Ігар Бараноўскі: Калі коратка гаварыць, хто такі Адам Трыпус, гэта беларускі афіцэр і настаўнік часоў БНР. Найперш ён праявіў сябе, канешне ж, у Гародні, а сюды ўжо трапіў у ссылку. “Польская Сібір” называлі наш палескі край, далей ад цэнтру беларускага руху. Што мы ведаем пра Адама Трыпуса? Дзякуючы гарадзенскім гісторыкам, Андрэю Вашкевічу і Чарнякевічу, я даведаўся, што ён быў кіраўніком Гарадзенскага акруговага штабу антыпольскага партызанскага руху, арганізаванага ўрадам БНР Вацлава Ластоўскага. Ірына Лаўроўская нядаўна адшукала новыя цікавыя дакументы, звязаныя з Трыпусам у Берасці, і мы толькі нядаўна змаглі ўстанавіць яго дакладную дату нараджэння. Яшчэ пару гадоў таму мы ставілі помнік і выдавалі паштоўкі яго памяці, ведалі толькі прыблізна, што ён нарадзіўся каля 1895 г. Нарадзіўся ён у Вялікай Бераставіцы, на Гарадзеншчыне, і, як мы ведаем ад дачкі, Ірыны Адамаўны Трыпус, якая фактычна нічога не ведала пра яго беларускую дзейнасць у Гародні. Ён, тым не менш, ёй казаў, што вельмі ганарыцца, што паходзіць з радзімы Кастуся Каліноўскага. І ягонай галоўнай памяткай была кукарда з “Пагоняй”. Была з Беларускай вайсковай камісіі кукарда такога плану. Яна захоўвалася ў сям’і да апошняга часу. Пазней, мы не ведаем, дзе яна падзелася. У сям’і было вельмі шмат фотаздымкаў. Ірына Адамаўна тую “Пагоню” захоўвала, як самую каштоўную памятку. Мы гэтую “Пагоню” бачылі з Ірынай Лаўроўскай тут, у гэтым доме, на Лінейнай, і падзяка гэтаму чалавеку, што ён зразумеў каштоўнасць, не ведаючы ўсю трагічную гісторыю бацькі, тым не менш, не баяўся захоўваць. За савецкім часам за гэта пераследвалі, палілі многія фотаздымкі з “Пагоняй”, і выразалі, а тым больш, такую матэрыяльную рэч, як значок з “Пагоняй”. Каштоўная сямейная рэліквія тут захоўвалася.

Адзін з карпусоў колішняй Берасцейскай педагагічнай вучэльні, дзе выкладаў біялогію Адам Трыпус у пасляваенны час. Цяпер, тут месціцца Берасцейскі абласны краязнаўчы музей, у якім па серадах праходзяць курсы “МОВА НАНОВА”

Ірына Лаўроўская: Трыпус быў чальцом Беларускай паўстанцкай арганізацыі, фігураваў нават у адным з тайных шыфраў Беларускай арганізацыі, перахопленай паліцыяй. Па нацыянальнасці ён быў беларус, браў чынны ўдзел у жыцці беларускай супольнасці ў Гародні, быў варожа настроены да польскай дзяржавы”. Шматразова згадваўся ў картатэцы мясцовага аддзелу: “Як асоба падазроны і няпэўны палітычна. Паводле вышэй згаданага, прызначэннем яго на дзяржаўную пасаду настаўнікам з’яўляецца з кожнага пункту гледжання непажаданым і намі не вітаецца”. Гэтыя дакументы знаходзяцца ў нашым дзяржаўным архіве Берасцейскай вобласці, і пры жаданні, можна да іх звярнуцца. Гэты будынак раней быў вядомы, як будынак Педагагічнай вучэльні, што пасля вайны тут працавала, і ў гэтай педагагічнай вучэльні выкладаў біялогію Адам Віктаравіч Трыпус. Гэтыя звесткі мы атрымалі 2-3 дні таму, бо адна з маіх аднакласніц прыгадала Адама Трыпуса, яна яшчэ была дзяўчынкай. Яна ўспомніла, што ён працаваў менавіта ў гэтым будынку, бо яна да яго прыходзіла сюды. Гэты будынак выкарыстоўваўся не так доўга, не так даўно, як адзін з карпусоў берасцейскага ўніверсітэта, так што гэта яшчэ адзін адрас, які звязаны з дзеячамі БНР. Цяпер тут месціцца Краязнаўчы музей.

Ігар Бараноўскі: Мы знаходзімся на Трышынскіх могілках – старажытныя могілкі Берасця. Тут пахаваныя многія дзеячы, святары, у тым ліку і сваякі Ларысы Геніюш. Тут знаходзіцца сімвалічны помнік рэпрэсаваным, гэта месца памяці ўсіх рэпрэсаваных, месцы пахавання якіх вядомыя і невядомыя. Гэта магіла кіраўніка Гарадзенскіх партызанскіх атрадаў – Адама Трыпуса. Мы ведалі Ірыну Адамаўну Трыпус, але не ведалі, дзе пахаваны яе бацька. Яна ўжо была старэнькай, не магла выехаць і паказаць, блыталася з гэтым месцам, называла драўляным крыж, што стаіць на магіле, аказалася, што зусім не драўляны, а металічны. Дапамог знайсці, як не дзіўна, чалавек, які звязаны сваяцкімі сувязямі з Ларысай Геніюш і Уладзімірам Караткевічам, спадар Георгій Грынкевіч. Калі я ўзгадаў пра Адама Трыпуса, аказалася, што ён яго ведаў. Калі прызываўся ў войска, дзесці ў 50-я гады, Адам Трыпус падараваў яму кніжку “Спадчына” Янкі Купалы. Уявіце, у пасляваенны час сімвалізм гэтай кнігі. Гэтую кнігу спадар Грынкевіч, наколькі я ведаю, захаваў і разважаў над ёю. І вось уласна ён хаваў Адама Трыпуса ў 65-м годзе… Адам Трыпус трагічна загінуў. Яго пабітым знайшлі на вуліцы – на Граеўцы. У акце аб смерці чамусьці напісалі, што памёр ад сардэчнай недастатковасці, і гэта яўна была фальсіфікацыя. Па сведчанні Ірыны Адамаўны штосьці тут нячыста, бо ім загадалі не займацца, на ніякіх расследаваннях не настойваць, а хуценька пахаваць і забыць гэтую справу. Мы ведаем, што ў 60-я гады забівалі многіх дзеячаў на эміграцыі, і украінскіх, і беларускіх, і расейскіх. Не выключана, што і такі грамадска актыўны чалавек, неабыякавы, які дапамагаў людзям, паводле сведчанняў ужо пасляваенных берасцейцаў, мог таксама аказацца няўгодным па нейкай прычыне.

Магіла Адама Трыпуса на Трышынскіх могілках Берасця, з выявай “Пагоні” на надмагільным помніку. Помнік усталяваны высілкамі грамадзянскай супольнасці Берасця

Ужо больш за 10 гадоў таму надмагілле Адама Трыпуса было ўпарадкавана сіламі грамадзянскай супольнасці. На ім, акрамя імя і прозвішча, размешчаны герб “Пагоня”.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце