У літоўскім сейме пройдзе канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю абвяшчэння БНР



Канферэнцыя „Беларусь і Літва: сто гадоў таму і цяпер” пройдзе 23 сакавіка ў літоўскім сейме, паведаміў БелаПАН старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька.

„Гэтая канферэнцыя прысвечана святкаванню 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Ініцыятарамі выступіла беларуская правацэнтрысцкая кааліцыя і група „За дэмакратычную Беларусь” у літоўскім сейме”, — адзначыў палітык.

Чакаецца, што з прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звернуцца спікер сейма Віктарас Пранцкеціс і кіраўнік групы Лаўрынас Кашчунас. У межах мерапрыемства пройдуць панэльныя дыскусіі: першая будзе тычыцца гістарычнага аспекту узаемаадносін Літвы і Беларусі, удзельнікі другой абмяркуюць сучасную сітуацыю — наяўныя адносіны дзвюх краін.

Акрамя Лябедзькі з беларускага боку ў канферэнцыі возьмуць удзел сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, прадстаўнік руху „За Свабоду” Галіна Скараход, новы лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, намеснік старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук і іншыя дэмакратычныя палітыкі. З літоўскага боку плануецца ўдзел гісторыкаў, палітыкаў, дэпутатаў.

Група „За дэмакратычную Беларусь” была створаная ў сейме Літвы дзейнага склікання 27 снежня 2016 года. У яе ўваходзяць 18 дэпутатаў розных фракцый.

Мерапрыемствы, звязаныя са 100-годдзем абвяшчэння БНР, пройдуць у Вільні таксама 24 і 25 сакавіка.

Фота obzor.lt