Стартуе праграма льготнага крэдытавання куплі аўтамабіляў Geely



Праграму льготнага крэдытавання куплі сабраных у Беларусі аўтамабіляў Geely Atlas 20 сакавіка запускае „БПС-Ашчадбанк”, паведамілі ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1”.

Як сказаў намеснік старшыні праўлення ААТ „БПС-Ашчадбанк” Алег Барадко, крэдыт да трох гадоў кліенты могуць атрымаць усяго пад стаўку 1,9% гадавых. „Гэта ўнікальная праграма. У цэлым тэрмін крэдыту — да сямі гадоў. Стаўка пасля трох гадоў ільготнага перыяду — стаўка рэфінансавання плюс 2,5 працэнтнага пункта. І што самае важнае — наш кліент пасля льготнага перыяду ў тры гады можа датэрмінова пагасіць крэдыт без пераліку працэнтаў”, — адзначыў ён.

У залежнасці ад камплектацыі кошт красовера складае ад 34,5 да 48 тысяч рублёў. Заяўку на даванне крэдыту банк абяцае разгледзець на працягу дня. Пры гэтым патрэбная даведка аб даходах за апошнія паўгода. Калі за новы Atlas кліент заплаціць адразу палову кошту, „то можна абысціся без паходу ў бухгалтэрыю на працы”.

„Праграму мы вывелі для крэдытаатрымальнікаў ва ўзросце ад 18 да 75 гадоў на момант пагашэння крэдыту. Вядома ж, у залежнасці ад умоў ёсць і забеспячэнне, паручыцельства. Мы гатовыя падтрымаць кліента на 90% кошту аўтамабіля”, — сказаў намеснік кіраўніка „БПС-Ашчадбанка” .

Беларуска-кітайскае СЗАТ „БелДжы”, якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, створанае ў 2011 годзе. Акцыянерамі з’яўляюцца ААТ „БелАЗ” (52,49%), Zhejang Jirun Automobile Co. Ltd. (33,35%), СЗАТ „Саюзаўтатэхналогіі” (6,47%), CITIC International Investment Limited (4,96%), ААТ „БАТЭ” (2,7%).

У 2015 годзе паміж Барысавам і Жодзіна пачалося будаўніцтва новай пляцоўкі па выпуску аўтамабіляў. 17 лістапада 2017 года з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця новага завода „БелДжы” і запуску серыйнай вытворчасці аўтамабіляў. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу забяспечыць льготныя ўмовы набыцця сабраных у Беларусі аўтамабіляў Geely.

belapan.by

Фота povozcar.ru