Прыхільнікам Мікалая Статкевіча ў правядзенні шэсця 25 сакавіка адмовілі
Мінгарвыканкам адмовіў прыхільнікам Мікалая Статкевіча ў правядзенні 25 сакавіка шэсця ад плошчы Якуба Коласа да Опернага тэатра. Гэта стала вядома 20 сакавіка пасля наведвання Менгарвыканкама заяўнікамі акцыі.
Заяўнікаў папярэдзілі аб адміністрацыйнай адказнасці, калі яны будуць праводзіць акцыю без дазволу гарадскіх уладаў, паведаміў журналістам прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Сяргей Спарыш. „Гэта выглядала наогул як пагроза”, — сказаў ён.
Паводле слоў актывіста апазіцыі Валянціна Троцкага, які таксама выступаў заяўнікам, у сустрэчы з боку ўладаў прынялі ўдзел начальнік аддзела грамадска-масавай работы Менгарвыканкама, пракурор горада і прадстаўнікі МУС.
Заяўнікі адзначылі, што, нягледзячы на забарону гарадскіх уладаў, асабіста яны маюць намер прыняць удзел у акцыі ў цэнтры горада 25 сакавіка. „Мы разумеем, што канцэрт — гэта, вядома, добра, але прыкмет годнасці і волі там няма. Мы хацелі прайсці па свабодных вуліцах свабоднага горада свабоднай краіны, але нам гэта не дазволілі”, — сказаў Троцкі.
Спарыш перадаў у аддзел Менгарвыканкама па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб ліст кіраўніка аргкамітэта БСДП (НГ) Мікалая Статкевіча пра намер правесці ў Менску 25 сакавіка шэсце ў гонар Дня Волі.
Апазіцыйны палітык традыцыйна паведамляе гарадскім уладам пра свой намер правесці несанкцыянаваныя мерапрыемствы.
Як ужо паведамляў БелаПАН, 20 сакавіка Менгарвыканкам не дазволіў арганізатарам святкавання 100-годдзя БНР правесці 25 сакавіка кароткае шэсце ад Купалаўскага сквера да опернага тэатра — месца санкцыянаваных мітынгу і канцэрта.
belapan.by