У Рэчыцы ваенкамат апублікаваў у прэсе прозвішчы „ўхілістаў”
Ваенны камісарыят Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў размясціў у газеце „Дняпровец” спісы маладых людзей, якія, на думку начальніка аддзела прызыву на ваенную службу ваенкамата Уладзіміра Осіпава, ухіляюцца ад службы ў арміі. З артыкула вынікае, што ў Рэчыцкім раёне не з’яўляюцца на мерапрыемствы прызыву 18 чалавек.
„Многае залежыць і ад выхавання ў сям’і. Пра што можна казаць, калі самі бацькі пераконваюць прызыўнікоў у тым, што служыць не трэба, а работнікам ваеннага камісарыята заяўляюць, каб адчапіліся ад сына і далі яму магчымасць працаваць і глядзець сям’ю. <… > Бацькі прызыўнікоў утойваюць месцазнаходжанне сваіх дзяцей, кажуць, што не ведаюць, дзе яны знаходзяцца, і з імі наогул не кантактуюць. Часта кажуць, што сын знаходзіцца на заробках у іншым горадзе, а на самай справе ён хаваецца дома або жыве побач у сваякоў”, — адзначыў Осіпаў.
Ён лічыць, што жыхарам Рэчыцкага раёна „цікава будзе ведаць прозвішчы тых, хто спрабуе прайсці службу „завочна”, то бок адседзецца, лічачы абарону Айчыны ганаровым, але не сваім абавязкам”.
Далей ідзе спіс прызыўнікоў 1991—1999 гадоў нараджэння з указаннем іх адрасоў пражывання.
За перыяд правядзення восеньскага прызыву 2017 года ў Рэчыцкім раёне ў дачыненні да прызыўнікоў было складзена 200 адміністрацыйных пратаколаў за няяўку на мерапрыемствы прызыву без паважлівых прычын. Матэрыялы на восем прызыўнікоў былі перададзеныя ў пракуратуру для распачынання крымінальных спраў па частцы 1 артыкула 435 Крымінальнага кодэкса; асуджаны тры чалавекі, матэрыялы па адным прызыўніку знаходзяцца ў судзе.
Сітуацыю з апублікаваннем персанальных дадзеных у прэсе для БелаПАН пракаментаваў праваабаронца Леанід Судаленка. Ён нагадаў, што вінаватасць або невінаватасць грамадзяніна ўстанаўлівае суд. „Калі рашэнне суда набудзе законную моц, можна будзе сказаць, што грамадзянін ухіляецца ад вайсковага ўліку. Апублікаванне спісаў асоб, якія ўхіляюцца ад прызыву, „у СМІ без судовай санкцыі з’яўляецца парушэннем канстытуцыйных правоў грамадзян на абарону гонару і годнасці. Заканадаўства прама забараняе „распаўсюджваць персанальныя дадзеныя без згоды суб’екта персанальных дадзеных”. Ваенныя камісарыяты, як правіла, у спіс уносяць імёны маладых людзей па сваім меркаванні, гэта значыць тых, хто з прававога пункту гледжання такімі не з’яўляюцца. Таму кожны прызыўнік мае права на судовую праверку апублікавання яго персанальных дадзеных у судовым парадку, уключаючы і права на кампенсацыю маральнай шкоды”, — сказаў праваабаронца.
Ён выказаў здзіўленне, навошта патрэбны гэтыя „чорныя спісы”. „Для арганізацыі грамадскага ганення? У такім выпадку і да адраджэння публічнай лупцоўкі з прывязваннем да слупа ганьбы недалёка”, — лічыць Судаленка.
Публікацыя аб маладых людзях, якія ўхіляюцца ад службы ў арміі, з’явілася і на старонках „Гомельскай праўды”. У артыкуле начальнік напрамку прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Гомельскай вобласці Алег Касцючэнка прапанаваў уздзейнічаць на прызыўнікоў праз бацькоў. „У будучыні мы будзем пісаць заказныя лісты на працу бацькам, якія хаваюць сваіх дзяцей ад арміі”, — сказаў супрацоўнік ваенкамата.
У публікацыі таксама ўказваюцца месцы працы бацькоў, чые паўналетнія дзеці, на думку ваенкамата, ухіляюцца ад арміі. „Здзіўляе, як людзі, якія займаюць такія пасады, умудраюцца выхоўваць настолькі безадказных юнакоў. Яшчэ можна зразумець рэакцыю тых, хто часова не працуе, знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, мае праблемы з законам”, — адзначыў у артыкуле Касцючэнка.
У вобласці, паводле дадзеных „Гомельскай праўды”, асобамі, якія ўхіляюцца ад службы ў арміі, лічацца 126 чалавек. Гэта маладыя людзі, якія атрымалі позвы з ваенкамата, але не прыбылі ў прызначаны час на мерапрыемствы прызыву ў жніўні—лістападзе 2017 года. Падчас вясновага прызыву мінулага года са 123 асоб, якія ўхіляліся ад службы ў арміі, па адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэкса было асуджана 56 чалавек. Некаторыя атрымалі штраф ад 30 да 150 базавых велічынь, другія — адміністрацыйны арышт, трэція — пазбаўленне волі на год.