“Чым людзей больш, тым яны смялей спяваюць”
Гэтак кажа стваральнік “Спеўнага сходу” Сяржук Доўгушаў. 25 сакавіка на “Свяце Незалежнасці” ў Менску пад яго кіраўніцтвам публіка хорам агучыць беларускія гімны часоў БНР.
– Будзем спяваць самыя асноўныя, якія, як я лічу, трэба, каб прагучалі. Гэта гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Пагоню» на верш Максіма Багдановіча і «Магутны Божа». Гэта, канешне, песні не 1917-1919-х, а пазнейшых гадоў. Але ўзгадаем Арсенневу, Равенскага, заспяваем «Магутны Божа» як сапраўдны духоўны беларускі гімн.
Аркестравыя фанаграмы для масавага спявання ў Дзень Волі падрыхтаваў беларускі музыка з Прагі Аляксандр Ясінскі. Генеральную рэпетыцыю “Спеўнага сходу” ў менскім культурніцкім цэнтры “Корпус” наведала каля 200 чалавек – ад дзяцей да асобаў сталага веку.
Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск