Раман Якаўлеўскі: Беларусь – Траянскі конь ва „Усходнім партнёрстве” (абноўлена)



Менск хоча ўцягнуць Маскву ў еўразвязаўскую праграму «Усходняе партнёрства». «Беларусь працягне выступаць за тое, каб Расея была ўцягнутая ў гэтую ініцыятыву, перш за ўсё ўдзельнічала ў рэалізацыі рэгіянальных праектаў», – заявіў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей пасля сустрэчы з кіраўніком расейскай дыпламатыі Сяргеем Лаўровым. Гэта ўжо не першае падобнае выказванне Макея. Яно доказ таго, што афіцыйны Менск адыгрывае ролю Траянскага каня, – лічыць міднародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

– Я тут нагадаў бы словы Зянона Пазьняка, якія ён казаў яшчэ падчас першага паседжання ў Празе, калі дэкляравалася пра пачатак праграмы “Усходняе партнёрства”. Зянон Пазьняк казаў тады, што ўключэнне лукашэнкаўскай Беларусі ў гэтую праграму – ёсць увядзенне Траянскага каня. Ну а Траянскі конь з гісторыі вядома для чаго быў створаны.

Як адзначае Раман Якаўлеўскі, візіт кіраўніка расейскай дыпламатыі нельга назваць шэраговым.

–  Расея праграму “Усходняга партнёрства” разглядае менавіта як антырасейскую. І заклікі падключыць Расею сёння, калі яе стасункі з Еўразвязам пагаршаюцца з дня ў дзень, сведчаць пра тое, што скіраваны яны на разбурэнне “Усходняга партнёрства”, якое, дарэчы, і так не ў лепшым стане.

Раман Якаўлеўскі адзначае, што Масква лічыць праграму “Усходняе партнёрства” антырасейскай ініцыятывай ЕС. Тады ўцягненне ў яе Масквы, азначае развал еўразвязаўскай ініцыятывы. Прагарама «Усходняе партнёрства»— была ініцыяваная ў 2009 годзе. З мэтай еўраінтэграцыі постсавецкіх краінаў. Ва «Усходнім партнёрстве» ўдзельнічаюць 6 дзяржаў: Беларусь, Украіна, Грузія, Малдова, Арменія і Азербайджан.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя