Адкрыццё мемарыяльнай дошкі да 100-годдзя БНР перанясуць на тыдзень



Мемарыяльная дошка ў гонар абвяшчэння незалежнасці БНР, якую маюць павесіць на доме на вуліцы Валадарскага, 9, дзе была падпісаная Трэцяя Устаўная грамата, гатовая да мантажу. Устанавіць яе меркавалі 23 сакавіка, але гарадскія ўлады не паспяваюць узгадніць устаноўку. Але, як кажа старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, які звяртаўся ў Менгарвыканкам з просьбай дазволіць устаноўку дошкі, улады не супраць і толькі спрыяюць працэсу, піша Радыё Свабода.

Паводле Сітніцы, адкрыццё дошкі анансавалі зарана — да выканання неабходных працэдураў і атрымання дазволу на імпрэзу. Адпаведныя пасяджэнні звычайна адбываюцца па чацвяргах, але раней іх не маглі арганізаваць, бо старшыня Менгарвыканкама быў у ад’ездзе. Пасяджэнне мае адбыцца 22-га або 23-га сакавіка — улады папрасілі перанесці адкрыццё дошкі на наступны тыдзень.