Беларускі ў Маямі: першы раўнд пройдзены



Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка выйшла ў другі раўнд турніру катэгорыі “Прэм’ер” у амерыканскім Маямі з прызавым фондам 7 мільёнаў 900 тысяч даляраў. У стартавым паядынку Азаранка, якая займае цяпер 186-е месца ў рэйтынгу WTA, гуляла з амерыканкай Кэтрын Беліс, у якой 44-я пазіцыя. Беларуска правяла сустрэчу вельмі ўпэўнена і прайграла суперніцы ўсяго тры геймы – 6:3, 6:0. Наступнай апаненткай Азаранкі будзе яшчэ адна амерыканская тэнісістка, 15-я ракетка свету Мэдысан Кіз. Вікторыя Азаранка тройчы станавілася пераможцай турніру ў Маямі.

Іншая беларуска Арына Сабаленка, якая мае 60-ы нумар сусветнага рэйтынгу, сустракалася з 77-й тэнісісткай планеты амерыканкай Мэдысан Брэнгл і досыць упэўнена выйграла ў двух сэтах – 6:1, 6:4. Цяпер Сабаленка згуляе з 9-й ракеткай планеты Петрай Квітавай з Чэхіі.

Яшчэ раней Аляксандра Сасновіч на гэтай жа стадыі адолела малодшую Плішкаву – Крысціну – 1:6, 7:6, 7:5. Сёння, 22 сакавіка, першая ракетка Беларусі пазмагаецца з расейкай Анастасіяй Паўлючэнкавай (25-я ракетка).

Беларускае Радыё Рацыя