Лукашэнка ў Тбілісі прадэгуставаў каньяк 125-гадовай вытрымкі



Аляксандр Лукашэнка разам з прэзідэнтам Грузіі Гіоргіем Маргвелашвілі 22 сакавіка пасля завяршэння афіцыйных перамоў наведалі Тбіліскі каньячны завод.

Гэта прадпрыемства з`яўляецца найстарэйшым і найбуйнейшым вытворцам каньякоў у Грузіі. Ён заснаваны ў 1888 годзе вядомым прадпрымальнікам і навукоўцам Давідам Сараджышвілі. Кіраўніку беларускай дзяржавы падрабязна расказалі аб гісторыі прадпрыемства, а таксама аб розных тонкасцях тэхналогіі вытворчасці каньяку і яго правільнага ўжывання.

Паводле слоў кіраўніцтва завода, на прадпрыемстве захоўваецца адзін з найстарэйшых каньячных спіртоў 1893 года, які там лічаць нацыянальным здабыткам, аднак высокім гасцям даюць яго прадэгуставаць. Скарыстаўся такой магчымасцю і Аляксандр Лукашэнка. Разам з Гіоргіем Маргвелашвілі яны ацанілі смакавыя якасці вытрыманага напою, паведамляе беларускае дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

Лукашэнка пры гэтым сказаў тост „за вялікі і мудры грузінскі народ і яго сыноў”. У сваю чаргу прэзідэнт Грузіі сказаў тост „за беларускі народ”.

Кіраўнікі дзяржаў падпісалі бочкі каньяку, закладзеныя ў іх гонар. Лукашэнка і Маргвелашвілі таксама правялі купажыраванне (змешванне спіртоў рознай вытрымкі для атрымання гатовага напою) і запячаталі яшчэ адну бочку да 25-годдзя дыпламатычных адносін Беларусі і Грузіі, якое мае адбыцца.

belapan.by