Еўрадэпутаты занепакоеныя адсутнасцю „адчувальнага прагрэсу” ў Беларусі



Дэпутаты Еўрапарламента занепакоеныя адсутнасцю „адчувальнага прагрэсу” ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў лісце 35 еўрадэпутатаў да вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы і бяспецы Федэрыцы Магерыні і камісару па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні Еўразвяза Ёханесу Хану.

Вытрымкі з ліста цытуе праваабарончы сайт spring96.org, які атрымаў доступ да дакумента ад аднаго з аўтараў.

„Сітуацыя з асноўнымі правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі далёкая ад якіх-небудзь адчувальных поспехаў або змен, — адзначаецца ў лісце. — Дакладней сказаць, мы занепакоеныя тым, што пытанне сур’ёзнай рэформы выбарчага заканадаўства ў Беларусі не атрымлівае належнай увагі ў парадку дня адносін ЕЗ з Беларуссю”.

На думку еўрадэпутатаў, Беларусь не змагла прадэманстраваць крокаў „у першую чаргу, у сферы правоў чалавека і дэмакратыі” ў адказ на рашэнне ЕС аб зняцці абмежавальных мер у лютым 2016 года, якое спрыяла „значнаму пашырэнню магчымасцяў” краіны ў гандлёвай сферы.

Еўрадэпутаты паказваюць на асноўныя праблемы правоў чалавека ў Беларусі: наяўнасць двух палітвязняў — Міхаіла Жамчужнага і Дзмітрыя Паліенкі, прымяненне „жорсткасці і рэпрэсій” супраць удзельнікаў мірных акцый пратэсту ўвесну 2017 года, пераслед незалежных журналістаў, блакаванне „двух вядучых незалежных інтэрнэт-парталаў” (верагодна , гаворка ідзе пра „Хартыю-97” і „Беларускі партызан”.), а таксама адмовы ў рэгістрацыі апазіцыйным палітычным партыям і грамадскім арганізацыям.

„Апошняе, але не менш важнае, — гэта тое, што Беларусь працягвае ўжываць смяротнае пакаранне, нягледзячы на шматлікія заклікі ЕЗ да яго адмены”, — гаворыцца ў лісце.

Еўрадэпутаты крытыкуюць беларускія ўлады за тое, што так і не была праведзеная рэформа выбарчага заканадаўства, таму што мясцовыя выбары, якія прайшлі ў Беларусі ў лютым 2018 года, „сталі яшчэ адным пацвярджэннем сумнага факту таго, што беларускі выбарчы працэс працягвае заставацца імітацыяй у савецкім стылі, з сістэмнымі маніпуляцыямі на абсалютна ўсіх яго этапах”.

„Гэта прымушае нас лічыць, што Еўразвяз павінен заняць больш прынцыповую і рашучую пазіцыю з патрабаваннем да беларускіх уладаў без далейшых затрымак правесці справядлівую і усеабдымную рэформу выбарчага заканадаўства ў краіне ў адпаведнасці з рэкамендацыямі БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі, — гаворыцца ў лісце. — Мы цвёрда ўпэўненыя, што якасць выбараў — гэта менавіта тое пытанне, якое павінна стаць выразным прыярытэтам у еўрапейска-беларускім парадку дня на бліжэйшыя месяцы і гады, у тым ліку ў рамках дыялогу ЕЗ — Беларусь па правах чалавека”.

Еўрадэпутаты таксама заклікаюць перагледзець пазіцыю ЕЗ па бягучых перамоваў з Беларуссю наконт прыярытэтаў партнёрства для таго, каб „магчымы прагрэс у іншых галінах супрацоўніцтва” быў абумоўлены „хуткай і поўнай рэформай выбарчага заканадаўства з беларускага боку”.

22 сакавіка ў Бруселі адбылася сустрэча дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю. У ёй узялі ўдзел віцэ-старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Кент Харстэд (быў каардынатарам кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ на парламенцкіх выбарах ў 2016 годзе), кіраўнік аддзела па двухбаковых адносінах з краінамі Усходняга партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзірк Шубель, дырэктар Усходняга напрамку палітыкі добрасуседства Генеральнага дырэктарата Еўракамісіі па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Лорэнс Мерэдзіт. На сустрэчу былі запрошаныя намеснік старшыні закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч і намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

„У сваім выступе я расказаў пра падрыхтоўку да 25 сакавіка. Кіраўніцтва дэлегацыі ў адказ павіншавала ўсіх беларусаў са Святам Незалежнасці”, — напісаў Янукевіч на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

belapan.by