Дзяўчыну аштрафавалі на 4,5 млн за ўлёткі „Вярніце Крым!”
Штраф на суму роўную двухмесячнаму заробку эканамісту Вользе Крапоцінай прысудзіў суддзя Ленінскага раённага суду Гародні Дзмітры Бубенчык.
Ён пастанавіў накласці на Вольгу адміністрацыйны штраф у памеры 30 базавых вялічынь, паводле артыкула 22.9 частка 2 Адміністрацыйнага кодэксу Беларусі. Гэта – незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі. Такой інфармацыяй суд палічыў улёткі ў падтрымку тэрытарыяльнай цэльнасці Украіны.
Падчас суда некалькі разоў гучала з вуснаў суддзі палітычная падстава абвінавачвання Вольгі Крапоцінай.
– Самая асноўная прычына ў тым, што пратакол напісаны за парушэнне закона аб сродках масавай інфармацыі. Але відавочна, што я не з’яўляюся сродкам масавай інфармацыі: я не друкую сродак масавай інфармацыі, мая “друкаваная прадукцыя” выглядае гэтак сама, як, напрыклад, аб’ява, што згубілася сабака, падамажыце. Але мяне абвінавацілі ў тым, што гэтая ўлётка не адпавядае заканадаўству аб сродках масавай інфармацыі. То бок абсалютна высмактанае з пальца абвінавачванне.
Спроба жыць паводле Канстытуцыі, якая гарантуе кожнаму грамадзяніну вольнае права выказвацца і агучваць свае перакананні, апынулася неадпаведнай для карных установак судовай сістэмы. Апрача таго, сведка, які назваўся гарадзенцам Уладзімірам Гарэлавым, які груба затрымаў Вольгу падчас яе асабістай грамадзянскай акцыі, не меў на гэта законных падставаў.
Цяпер Вольга плануе абскардзіць рашэнне суда у вышэйшых інстанцыях.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя