У Варшаве абмеркавалі гістарычную спадчыну БНР



У Варшаўскім універсітэце адбылася ўрачыстая сустрэча, прымеркаваная да стагоддзя БНР. Імпрэзу заладзіў Цэнтр беларускіх студыяў Варшаўскага ўніверсітэта. Навукоўцы абмеркавалі гістарычную спадчыну Беларускай Народнай Рэспублікі. Стан нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў каментуе доктар сацыялагічных навук, выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта Андрэй Вардамацкі:

На сёння беларуская нацыянальная самаідэнтыфікацыя носіць характар тэрытарыяльна-дзяржаўніцкі ў адрозненне ад гістарычна-культурніцкага. Ёсць атаясамленне з тэрыторыяй, з дзяржавай, з тым фактам, што існуе такая самастойная краіна, як Беларусь, і беларусы ідэнтыфікуюць сябе з ёй.

Таксама на ўрачыстай сустрэчы адбылася прэзентацыя кніг па гісторыі БНР. Працягвае адна з аўтарак выданняў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Іна Соркіна:

Мы прэзентавалі два новыя выданні: калектыўную манаграфію «Шляхамі БНР. Да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі» і шляхаводнік па Гародні «Шпацыр па беларускай Гародні». Гэтыя выданні паўсталі дзякуючы падтрымцы ЕГУ. Мы пісалі пра адрасы БНР у Менску, Гародні, Берасці, Гомелі, Магілёве і іншых гарадах ды мястэчках.

Цэнтр беларускіх студыяў Варшаўскага ўніверсітэта складаецца з 11 былых выкладчыкаў Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У 2014 годзе гісторыкі па палітычных матывах былі звольнены з Гарадзенскага ўніверсітэта.

[Not a valid template]

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара